«Кожнае вашае слова і дзеянне мае значэнне і набліжае нас да перамогі»

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды так званага «Адзінага дня галасавання».

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў прапанавала суайчыннікам 5 спосабаў, як тут і цяпер рэагаваць на так званы «Адзіны дзень галасавання».

— Беларусы, не дайце рэжыму падмануць сябе. Вы і самі выдатна разумеце, што так званы «Адзіны дзень галасавання» — гэта падман і імітацыя, — заявіла Ціханоўская ў відэазвароце. — Гэта безвыбары.

Палітык перакананая, што ні беларусы, ні міжнарожная супольнасць не прызнаюць вынікі бліжэйшых выбараў у Беларусі, як бы рэжым не намагаўся «прадаць гэта пад маркай дэмакратычнага працэса».

Ціханоўская заклікала беларусаў выказаць нязгоду з выбарчым фарсам. Пры гэтым яна падкрэсліла, што разумее сітуацыю, у якой апынуліся беларусы ў Беларусі — «ва ўмовах тэрору бяспечных спосабаў супраціву амаль не засталося».

Вось што на думку лідаркі дэмсілаў можна рабіць ужо зараз:

  • Пазбягаць удзелу ў любых рэжымных мерапрыемствах.
  • Атрымліваць праўдзівую інфармацыю з незалежных медыя і рэсурсаў. Распаўсюджваць яе, памятаючы пра бяспеку і неабходнасць карыстацца VPN і выдаляць лічбавыя сляды.
  • Не даць рэжыму падмануць сябе і блізкіх, сяброў. Тлумачыць ім, што адбываецца ў краіне, чаму абвешчаная рэжымам кампаніі — гэта выбары без выбару.
  • Збіраць доказы злачынстваў рэжыму і яго памагатых, дакументаваць іх.
  • Карыстацца сродкамі творчага самавыящлення: музыкай, кіно, мастацтвам, сатырай і іроніяй. Бо нават размова на беларускай мове можа быць спосабам выказвання нязгоды.

— Далучайцеся да працы дэмакратычных сілаў і ўмацоўвайце сваё кола аднадумцаў. Памятайце: кожнае вашае слова і дзеянне мае значэнне і набліжае нас да перамогі, — падкрэсліла Ціханоўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(16)