Святлана Ціханоўская: «Беларусы, бараніце родную культуру, мову, гісторыю. Гэта і будзе нашым супрацівам імперскаму «рускаму свету»

Святлана Ціханоўская запісала відэазварот з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну. У ім яна заклікала беларусаў працягваць бараніць сваю родную культуру, мову і гісторыю.

Святлана Ціханоўская

— Сёння мы адзначаем гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Гэта адна з найбольш гераічных падзей нашай гісторыі. І ў савецкія часы, і зараз яна замоўчваецца ці ад яе ўвогуле адмаўляюцца. Тады як у 1920 годзе беларусы насамрэч больш за месяц змагаліся за права жыць у вольнай краіне. Ажно ў 15 валасцях сяляне ды інтэлігенцыя стаялі плячо да пляча і баранілі Незалежную Народную Рэспубліку.

Яны імкнуліся захаваць нашу краіну непадзельнай і спыніць агрэсію з боку краіны-суседкі.

Сілы былі няроўныя: прафесійнай арміі супрацьстаялі настаўнікі, сяляне ды рабочыя, якіх аб’яднала адна мэта. Мэта — бараніць сваю радзіму.

Беларусы змагаліся за саму ідэю існавання краіны. І ахвяравалі жыццём, каб іх дзяцей ды ўнукаў не паглынула імперская багна.

Сёння Беларусі зноў пагражае паглынанне, звяртае ўвагу палітык.

— Як і 100 гадоў таму, Расія насаджае ўласныя ідэі і каштоўнасці, каб знішчыць нашае права на самавызначэнне. Але мы не маем права саступіць у гэтай барацьбе. Бо інакш знікне не толькі наша краіна, але і наша ідэнтычнасць.

Беларусы, я заклікаю вас: бараніце родную культуру, мову, гісторыю. Гэта і будзе нашым сучасным супрацівам імперскаму «рускаму свету». Нашым змаганнем на шляху да перамогі і незалежнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(60)