Политика

Класкоўскі — пра асноўную мэту Лукашэнкі ў Эміратах: «Трэба ж выгульваць свой «боінг»

Рэакцыя на візіт правіцеля на форум у Дубай.

Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі ў інтэрв’ю Радыё Свабода:

— Лукашэнка ж, як вядома, галоўны жывёлавод, галоўны эканаміст, галоўны гісторык, і цяпер вонкава хоча зарысавацца галоўным і самым мудрым на плянэце эколягам. Насамрэч, калі каротка казаць, трэба ж выгульваць свой «боінг». І паляцеў. І да 2020 году яго ў Эўропу надта не запрашалі, а цяпер той вэктар зусім адрэзаны.

Тут яшчэ быў пікантны момант нядаўна, калі яго нават у Кітай на форум «Адзін пояс, адзін шлях» не запрасілі. Ён, відаць, настолькі абвастрыў дачыненьні з суседнімі краінамі ЭЗ, што гэта паставіла пад удар транзытныя інтарэсы Пэкіну, і такім чынам Лукашэнку паўшчувалі. Таму ён на гэтым саміце ў нейкай ступені бярэ рэванш.

Гэта, як заўжды, будзе папоўніцы скарыстана і ўжо скарыстоўваецца беларускай прапагандай. Хоць ёсьць два практычныя моманты.

Самі Эміраты, як вядома, улюбленае месца для Лукашэнкі. Гэты форум працяглы, больш за 10 дзён, я думаю, што гэта магчымасьць (як Лукашэнка часта рабіў з сынамі і ўсёй чэлядзьдзю) проста пазагараць, адпачыць, пакупацца.

Некалькі дзён таму Лукашэнка праводзіў нараду ў Менску і казаў пра замежныя пляны. Прагучала, што ў кулюарах саміту ён хоча з шэрагам афрыканскіх лідэраў перамовіцца, і мы ўжо бачылі фатаграфіі з саміту, дзе ён на канапе зь нейкімі афрыканскімі прэзыдэнтамі. Каб працягвалася ілюзія, што ніякай ізаляцыі няма, што жыве правадыр рэжыму насычаным міжнародным жыцьцём.

Журналіст Дзмітры Гурневіч:

— Палітычны турызм Лукашэнкі. Прыляцець у Дубай, каб праводзіць «перамовы» па 30 секунд з афрыканскімі лідэрамі ў фае саміта. А часам проста на хаду, ловячы за рукі.

І чаго не зробіш для добрага загалоўка. На Белце напісалі, што прамову Лукашэнкі ў залі сустрэлі авацыямі стоячы. Не падкапаешся.

Але калі прыгледзецца, то стоячы пляскалі ўдзельнікі беларускай дэлегацыі: «сенатар» Баскаў, прапагандыстка Сырава, і яшчэ нейкія два чэлы з Пула. У далечыні залі прымкнуў нейкі замежнік. Ну але праўда? Праўда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(47)