Истоки

Вераніка Бялова

Церашковіч: «Нацыя будзе будавацца супольнымі намаганнямі і тых, хто з'ехаў, і тых, хто застаўся»

Ці ёсць у беларусаў шанцы выжыць як нацыя? Што трэба рабіць ўжо зараз, каб не знікнуць у будучым? І галоўнае — як захаваць сваю дзяржаву незалежнай?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы спрабуем знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі. У інтэрв’ю «Салідарнасці» гісторык Павел Церашковіч расказаў, у чым асаблівасць беларускага нацыяналізму і што мы з сябе ўяўляем як нацыя.

Павел Церашковіч

— Спачатку хацелася б зразумець, што такое ўвогуле нацыяналізм? Дрэнна гэта ці ўсё ж добра?

— Вельмі часта, калі пачынаюць абмяркоўваць нацыяналізм, асабліва на Захадзе, то адразу з’яўляецца такі вобраз скінхэда з нейкімі нацысцкімі наколкамі, агрэсіўнага да нацыянальных меншасцяў, да мігрантаў.

На самай справе, нацыяналізм — гэта не ёсць нейкая ідэалогія, гэта сукупнасць пачуццяў, якія звязваюць чалавека з пэўнай вялікай нацыянальнай групай, адчуванне прыналежнасці да гэтай групы.

І гэтыя пачуцці збольшага ідэалагічна нейтральныя. Так, бывае, што яны могуць аб’ядноўвацца з рознымі палітычнымі ідэалогіямі, як з крайне правымі, так і з крайне левымі, ліберальнымі, цэнтрысцкімі, сацыялістычнымі, фашысцкімі і г.д. Калі пачынаюць казаць, што наша група лепшая за ўсе іншыя — гэта ўжо негатыўны трэнд, які звязаны з шавінізмам, калі яшчэ дамешваюцца пэўныя расавыя паказчыкі, гэта можа быць звязана з расізмам.

Але, паўтаруся, сам па сабе нацыяналізм — гэта досыць нейтральныя пачуцці.

А ці ёсць нейкая адметнасць у беларускім нацыяналізме ў параўнанні, скажам, з нашымі суседзямі?

— Звычайна спецыялісты выдзяляюць два тыпы нацыяналізму — заходнееўрапейскі і ўсходнееўрапейскі. У Заходняй Еўропе нацыянальныя рухі ўтвараліся на падставе дзяржаў, якія існавалі вельмі доўга, першапачаткова ў выглядзе больш-менш устойлівых каралеўств. Спачатку ўсталёўвалася вось такое пачуццё прыналежнасці да пэўнай дзяржавы, прыналежнасці да манарха, а потым у працэсе дэмакратычных рэвалюцый суверэнітэт, які належаў манарху, пераходзіў да народа.

На ўсходзе Еўропы звычайна нацыяналізм будаваўся на іншым падмурку. Тут народы не мелі, за рэдкім выключэннем, у мінулым сваёй дзяржавы, а нацыяналізм будаваўся на падставе існавання групы людзей, аб’яднаных пэўнай культурай, пэўнай мовай.

Было так: спачатку ішоў працэс усведамлення, што гэта за група — звычайна тое рабіла вузкае кола навукоўцаў, — потым падключаліся іншыя — настаўнікі, журналісты, якія ставілі пытанне: калі вось гэтая група мае сваю адметнасць, сваю мову, гісторыю і культуру, то чаму б ёй не мець урад, які б улічваў усе гэтыя асаблівасці?

Гэты тып нацыяналізму вельмі часта называюць этнічным. Вось так фарміраваліся нацыі і нацыяналізм у фінаў, эстонцаў, латышоў, украінцаў і яшчэ вялікай колькасці народаў. І беларусы таксама належаць да гэтага ўсходнееўрапейскага тыпу нацыяналізму.

— Наколькі беларусы сфарміраваныя як нацыя? Што ўвогуле з сябе ўяўляем? І куды як нацыя ідзем?

— Нацыя — гэта працэс. Нельга казаць, што вось у нейкай кропцы нацыя ўжо ёсць, а раней яе не было.

Узяць, напрыклад, італьянцаў. Фарміраванне італьянская нацыі пачалося яшчэ ў часы Дантэ і бурна развівалася ў часы Адраджэння, але адзінай нацыянальнай дзяржавы тады не было. Гэта адбылося толькі ў ХІХ ст. Можна прыгадаць словы італьянскага нацыянальнага лідара Кавура: «Мы стварылі Італію — зараз будзем ствараць італьянцаў».

І вось паглядзіце: прайшло больш за 150 гадоў, але і да гэтага часу, мы ведаем, што ў Італіі ёсць вельмі моцныя рэгіянальныя, культурныя і нават моўныя адрозненні. А некаторыя рэгіёны часам нават кажуць пра аддзяленне ад Італіі. І таксама можна паставіць пытанне: італьянская нацыя ўжо ёсць ці яе няма?

Што да нашай беларускай нацыі, то працэс яе пабудовы пачынаецца яшчэ ў пачатку ХІХ ст., калі ў Віленскім універсітэце ствараецца група навукоўцаў, якія пачалі вывучаць старажытная рукапісы, помнікі права, — то бок вось ужо прыкметы такога нацыянальнага руху.

Але да гэтага часу мы не можам сказаць, што нацыя цалкам сфарміравалася. Бо пакуль нацыя не створыць сваю нацыянальную дзяржаву, у якой мова стане дзяржаўнай, пакуль не знікнуць усе перашкоды для яе развіцця, не пабудуецца завершаная сацыяльная структура, пакуль народ не стане суверэнам, — казаць пра тое, што пабудова нацыi завяршылася, немагчыма.

І нават калі ўсё гэта адбудзецца, працэс зойме некалькі дзесяцігоддзяў. Прыйдзецца, як казаў пра італьянцаў Кавур, ствараць беларусаў. Як меней два-тры пакаленні павінны павучыцца ў сапраўднай нацыянальнай школе, каб нацыя ўтварылася. Так што ў нас ёсць працэс.

— Вы сказалі, што мова — гэта асноўны элемент нацыі. А хіба не можа быць нацыі без мовы?

— Не, у нашым рэгіёне не можа. Таму што гэта Усходняя Еўропа. І калі ўзнікалі нацыянальныя рухі, яны ўзнікалі на падставе таго, што ёсць пэўная група са сваёй мовай, гісторыяй, культурай, якая мае правы на ўласную дзяржаву.

Без гэтага і сёння быць не можа. Беларусь — не Швейцарыя з чатырма мовамі, не Бельгія. Вось кажуць: глядзіце, Лацінская Амерыка, дзясяткі дзяржаў, у якіх адна і тая ж іспанская мова.

Але мы знаходзімся ва Усходняй Еўропе, і вось менавіта беларуская мова — гэта тое, што вызначае магчымасць існавання нас як асобнай групы і асобнай дзяржавы.

— Ці паўплывалі падзеі 2020 года на гэты працэс фарміраванне нацыі?

— Я лічу, што гэта была першая беларуская рэвалюцыя. Уласна беларуская, якая з’яўляецца выключна нашай справай.

Калі мы паглядзім на гісторыю Беларусі апошніх двух стагоддзяў, то ўбачым, што ўсе значныя пераўтварэнні, якія ў нас адбываліся — хваляванні, сацыяльныя пратэсты, паўстанні, — гэта было рэха нейкіх знешніх падзей. Ці то паўстанне Касцюшкі, якое пачалося на тэрыторыі Польшчы, ці паўстанне 1863 года, ці руская рэвалюцыя 1905 года, 1917 года, сканчэнне першай сусветнай вайны, другой сусветнай вайны, распад СССР...

А тое, што было ў 2020 годзе — гэта выключна нашае. Гэта наш сацыяльны пратэст, які не быў інспіраваны кімсьці звонку. І па сутнасці вось тыя патрабаванні, якія былі вылучаныя, а галоўнае патрабаванне — гэта новыя дэмакратычныя выбары, — калі б яны былі праведзеныя, гэта была б новая дзяржава, у якой бы народ урэшце стаў суверэнам.

Гэтага не адбылося, але, тым не менш, гэта ўжо вельмі і вельмі значная падзея ў беларускай гісторыі і ў тым ліку ў фарміраванні нацыі — калі народ вылучыў патрабаванні вярнуць уладу сабе.

— Улічваючы сённяшнюю рэакцыю рэжыму, жорсткае вынішчэнне ўсяго нацыянальнага, тыя падзеі наблізілі нас да фарміравання нацыянальнай дзяржавы, ці усё ж, наадварот — адкінулі?

— Тое, што мы зараз назіраем, — гэта, безумоўна, рэакцыя на пратэст. Калі рэвалюцыя непаспяховая, то заўсёды бывае так. І на сённяшні дзень я не бяруся прагназаваць, як будзе далей, як будуць развівацца падзеі, калі адбудуцца змены.

Але я ўпэўнены, што яны адбудуцца. Гэта можа быць як даволі хутка, так і даволі доўга.

Я проста прывяду прыклад. У 1848 годзе практычна ўсю тэрыторыю Германіі ахапілі рэвалюцыйныя падзеі, якія таксама не скончыліся поспехам. І глядзіце, колькі спатрэбілася часу, каб Германія стала сапраўднай дэмакратычнай краінай. Калі мы возьмем усходнія нямецкія землі, той жа самы Брандэнбург, Мекленбург — яны фактычна сталі дэмакратычнымі толькі пасля 1990 года.

Таму я нічога зараз прагназаваць адносна Беларусі не магу.

— Сёння многія актыўныя грамадзяне, якія б маглі стаць тым рухавіком стварэння нацыянальнай дзяржавы, выехалі за мяжу і зараз больш занятыя будзённымі праблемамі ўладкавання, чым нейкім нацыянальным пытаннем. А калі і не, то прыгадваецца выказванне, што краіну ствараюць не тыя, хто з’ехаў, а тыя, хто застаўся. Ці згодныя? І што ў такім выпадку чакаць Беларусі?

— Мне здаецца, што гэта абсалютна штучнае і шкоднае супрацьпастаўленне — тыя, хто з’ехаў, і тыя, хто застаўся. Нацыя будзе будавацца супольнымі намаганнямі і першых і другіх. І так даволі часта бывала.

Вазьміце гісторыю балтыйскіх народаў пасля 1945 года. Тое, што адбылося там у канцы 80-х — пачатку 90-х рабілася і рукамі тых, хто застаўся, і рукамі тых, хто быў у эміграцыі.

Так што гэта супольная праца і не трэба супрацьпастаўляць першых і другіх.

— А ці можа беларускае нацыянальнае пытанне стаць сродкам мабілізацыі? І ці будуць беларусы змагацца за сваю дзяржаву?

— Я думаю, што мы ўжо змагаемся, і гэта ўжо ёсць сродкам мабілізацыі. Вось вельмі часта кажуць, што падчас падзей 2020 года ўласна нацыянальныя пытанні стаялі на другім месцы. Але паглядзіце, як мяняліся пратэсты ў жніўні, верасні, кастрычніку. Якога яны былі колеру?

На першых масавых пратэстах мы бачылі і бел-чырвона-белы сцяг, і чырвона-зялёны. Але прайшоў літаральна месяц-паўтары — і чырвона-зялёны з пратэстаў знік. Людзі зразумелі, што да чаго і ўзялі нацыянальныя сімвалы як сімвал свайго пратэсту. Такім чынам адбылося прыняцце нацыянальнага кампаненту.

Да таго ж, калі мы паглядзім, як развіваецца жыццё ў эміграцыі, асабліва палітычнае, то ўжо стала такой нормай добрых паводзін у публічнай прасторы палітыкам размаўляць па-беларуску. Не ўсім гэта адразу добра даецца, але людзі імкнуцца, хаця іх ніхто не прымушае гэта рабіць.

То бок, людзі самі ўсведамляюць, што беларуская мова — сёння таксама сімвал пратэсту супраць дыктатуры, якая мову паціху знішчае.

— Але калі ўявіць сітуацыю, што незалежнасць нашай краіны будзе пастаўлена пад пытанне — а мы выдатна разумеем, з якога боку існуе такая пагроза, — ці здольныя ўвогуле сёння беларусы ўзяць зброю ў рукі, каб бараніць Беларусь?

— Але ж тут узнікае пытанне: а дзе тую зброю ўзяць? Шчыра кажучы, я не думаю, што сёння браць у рукі зброю — гэта рацыянальны выбар. Перавага ва ўзброенай сіле будзе на баку дыктатуры, на баку Расіі, якая значна больш моцна ўзброеная.

Таму змагацца трэба ў культурніцкім полі, умацоўваць сваю ідэнтычнасць, сваю салідарнасць.

І будзем глядзець, ці прадставіцца нам у бліжэйшай будучыні акно магчымасцяў, як скончыцца агрэсія Расіі ва Украіне, што будзе па выніку з Расіяй?

— Якія гістарычныя паралелі вы бачыце ў сённяшняй сітуацыі? Ці ёсць у Беларусі шанцы застацца незалежнай нацыянальнай дзяржавай і што для гэтага патрэбна?

— Ведаеце, кожны момант у гісторыі абсалютна ўнікальны і непаўторны. Можна, канешне, паспрабаваць параўноўваць гэтую сітуацыю з падзеямі 1939 года — пактам Молатава-Рыбентропа і падзелам Усходняй Еўропы. Але ў тыя часы было два палітычных драпежніка — Гітлер і Сталін. Зараз мы бачым толькі аднаго — Пуціна, супраць якога змагаецца ўвесь цывілізаваны свет.

Таму ўсе гэтыя паралелі дастаткова хісткія. Знайсці штосьці абсалютна падобнае на нашу сітуацыю складана.

Што да шанцаў застацца незалежнай дзяржавай, то, мне здаецца, мы сёння наўрад ці (асабліва знаходзячыся звонку, у эміграцыі) можам паўплываць на паводзіны Лукашэнкі. Абсалютна відавочна, што, імкнучыся захаваць сваю ўладу, ён гатовы ахвяраваць суверэнітэтам нашай дзяржавы. І ўжо здае суверэнітэт праз гэтыя дарожныя карты, так званую Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі. Паўплываць на гэта вельмі складана.

Таму наша задача іншая. Гэта ўмацоўваць ідэнтычнасць, умацоўваць нашу культуру.

І самае значнае, што мы маглі б зрабіць, — гэта рабіць Беларусь бачнай у свеце, дэманстраваць іншаму свету, што мы існуем, і што пытанне існавання незалежнай Беларусі таксама значнае для свету.

Вось гэта, напэўна, мы зрабіць зможам.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(13)