Алена Адамчык: «Людзі становяцца ахвярамі сваёй сквапнасці і глупства»
Вядомы фатограф па просьбе «Салідарнасці» выступіла ў невядомай для многіх ролі кандыдата біялагічных навук. 20 думак Алены Адамчык пра сучаснае жыццё і адносіны з прыродай.
Як спыніць старэнне? Кінуцца з гранатай пад цягнік??? Спыняць нічога не трэба. У такіх размовах, мне здаецца, хаваецца самая вялікая памылка чалавека. Ён перакананы, што можа ўмяшацца ў прыроду, жыццё жывёл, сваё жыццё – у гарманічны свет. Гэта абсалютна забароненая і недапусцімая рэч.
Няма паняцця «спыніць старасць». Можна пралангіраваць жыццё, пражыць болей. Для гэтага трэба старацца жыць у гармоніі з навакольным светам i з самiм сабой.
***
Я шмат працую ў Еуропе, Манака, там шмат жанчын з вышэйшага свету кладуцца на пластычныя аперацыі. Але з-за гэтага многія выглядаюць старэй сваіх гадоў.
***
Трэба ведаць якую дыстанцыю бегчы, калі і што есці. Есці можна ўсё – і сала, і шакалад. Лепш ужываць прадукты, якія вырошчваюцца на гэтай роднай зямлі.
***
Многія жанчыны жывуць для таго, каб пазбавіцца ад лішняй вагі. Яны пакутуюць з-за сваёй камплекцыі, пастаянна скардзяцца на дыету, якая іх мучыць. Але гэта смешна. Адкуль яна возьмецца лішняя вага, калі табе трэба шмат працаваць, бегчы?
Чым больш у цябе багаты ўнутраны свет, чым больш ты хочаш ведаць і дапамагаць навакольнаму свету – тым менш у цябе застанецца часу на думкі пра уласнае цела дый дыету.
***
Мяне цікавяць птушкі. Зімою у маразы яны гінуць, іх трэба карміць, трэба бегчы на Камароўку. Пазаўчора прынесла адтуль паўтара кілаграма семечак і паўтара кілаграма сала – яго вешаю на вакно.
Кармлю сініц, але прылятаюць ужо ўсялякія птушкі. Учора 40 птушак прыляцела, у тым ліку і таўстадзюб.
Важна ведаць, што сала павінна быць не салёным, а семечкі – не смажанымі. Трэба шмат ведаць, каб птушак не атруціць.
***
Я раблю прабежкі з юнацтва, мне падабаецца і вось чаму. Цела пастаянна цягне цябе ў пачуццё камфорту, здаецца, што раніцай лепш застацца ў ложку і яшчэ паспаць. Насамрэч нічога добрага з гэтага не выйдзе. Паспіш лішнюю гадзіну – па-першае, час упусціш, па-другое, устанеш без настрою. Глянеш на вуліцу – золь, холад – як выйсці?
А калі з раніцы бяжыш у парк, любое надвор’е падасца табе раем. Парк заўсёды цудоўны – у дождж, калі лістота шамаціць, калі снег выпаў. Выбягаеш, а вакол усё белае! Гэта як свята.
***
Мы з Адамам, напэўна, еўрапейцы. Бо ўстаем зараз па еўрапейскім часе. Будзільнік звоніць у 8, але мы ўстаем у 9. Калі гадзіннікі пераводзілі на зімовы час, значыць, у гэтым быў сэнс.
***
Прыярытэты, у тым ліку харчовыя, усталёўваюцца ў дзяцінстве. У якіх бы шыкоўных рэстаранах міжземнаморскай кухні не еў, заўсёды будзе хацецца акрайчыка хлеба з салам нацёртым часнаком.
***
У Вільні мы з бабуляй хадзілі купляць самыя танныя прадукты (тады ўсе жылі бедна): сала, капусту, салёныя грыбы. Да гэтага часу памятаю каменны дом, дзе мы жылі, яго старыя абшарпаныя сцены, пах сырасці, агароду і зямлі. Гэтыя сцены і зараз для мяне самыя прыгожыя. Я іх і ў Венецыі здымаю, і ўсюды.
***
У дзяцінстве вясною, як спадзе снег, мне падабалася назіраць, якія з’яўляюцца з зямлі расліны і ўва што яны пераутвараюцца.
***
З пісьменнікам Вячаславам Адамчыкам, маім свёкрам, мы любілі пагаварыць пра птушак, травы, жывёл. Шмат ведаў яму дала простая сялянка баба Броня. Сяляне – вельмі дастойныя людзі. Яны ведаюць, калі саджаць, калі сеяць, што, калі і як есці. Усё гэта вельмі тонкае мастацтва. Я ўпэўнена, што чалавек вернецца да традыцыйнай, нацыянальнай медыцыны на аснове траў. Будзе зноў шанаваць кветкi і звяроў.
***
Зараз усе павальна робяць дурацкія дыванныя пакрыцці ля дамоў. Бяруць гербіцыды і ўсё вытручваюць, кажуць, што гэта «пустазелле». Гэта ідыятызм, гэта трэба забараніць! Усё ж трапляе ў грунтовыя воды, чалавек сам сябе труціць!
***
А дзьмухаўцы? Калі з’яўляюцца дзьмухаўцы, людзі шызеюць, ходзяць з рыдлёўкамі і выкарчоўваюць іх. Перамаглі дзьмухаўцоў, пачынаюць змагаца з канюшынай. Нармальна? Людзей не цікавіць прырода, цікавяць толькі грошы.
***
Зараз у нас усе эканамісты і юрысты. Каго і ад чаго яны абараняюць? Біёлагі не ў пашане, гібеюць у школах на капейках, вучаць дзяцей жыць у гармоніі з навакольным асяроддзем, але ніхто іх не слухае – нафіг трэба. У рэшце рэшт людзі становяцца ахвярамі сваёй сквапнасці і глупства.
***
Не сказала б, што ў нас няшчасная краіна. У нас няма тайфунаў, навадненняў. Паглядзіце, што нядаўна з Японіяй адбылося. Японцы з-за свайго менталітэту і інтэлекту вартыя лепшага жыцця, іх культура і адносіны з прыродай для мяне – ідэал.
***
У нас вельмі багатая прырода. Ёсць і снег, і лета. А некаторыя людзі ў пустыні жывуць і нічога не бачаць. У Дубаі была здзіўлена, колькі высілкаў людзям каштуе вырасціць адну кветачку. А ў нас усё само расце, дык людзі гэта яшчэ рэжуць і труцяць гербіцыдамі.
***
Кожнаму матыльку, якога я бачу, хочацца даць ордэн. За смеласць жыць у такім свеце.
***
Я – біёлаг, таму лічу, што чалавек – гэта практычна жывёла. Ён мала чым адрозніваецца ад яе. Больш адрозненняў паміж жывым і мёртвым чалавекам, чым паміж чалавекам і жывёлай. Можа ледзь не адзінае адрозненне чалавека ад жывёлы – людзі глядзяць за ўнукамі.
***
Люблю гуляць з унукам. У Вільні ваджу яго ў касцёлы, расказваю пра архітэктуру – ёсць магчымасць паказаць, чым адрозніваецца барока ад класіцызму. З дзецьмі мне падабаеца, яны шчыра любяць казурак, заўважаюць усё, што поўзае.
Не скажу, што свет у дзяцей зусім чысты і правільны, але ў іх іншыя каштоўнасці. А нам час ад часу трэба думаць, ці правільныя нашыя каштоўнасці.
***
У мяне ёсць сябра банкір. Пытаю неяк яго: што там з дэвальвацыяй, банкамі, крызісам? Ён адказвае: ведаеш, калі шчыра, чым больш вывучаю гэтыя працэсы, тым менш іх разумею.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное