Женщины

Марына Міхайлава

Жонка трох паэтаў, якой «падрэзалі крылы» на ўзлёце

Двух яе мужоў рэпрэсавалі, трэці загінуў у блакадным Ленінградзе, а сама яна пры жыцці надрукавалася толькі ў адным зборнічку вершаў. «Салiдарнасць» расказвае пра пакручасты і драматычны лёс паэткі Наталлі Вішнеўскай з плеяды «маладнякоўцаў».

Яўгенія Пфляўмбаўм, Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская — тры беларускія паэткі, чые творы былі надрукаваныя ў сціплым зборніку «Вершы» літаб’яднання «Маладняк», і якім не пашчасціла дэбютаваць у часы, калі беларускае, нацыянальнае пачалі знішчаць у  жорнах рэпрэсій.

Пра жыццёвыя шляхі Пфляўмбаўм і Бандарынай мы распавядалі раней, у межах рубрыкі Жанчыны — сёння расказваем пра Наталлю Вішнеўскую.

1925 год. Наталля Вішнеўская на першым з’ездзе літаб’яднання «Маладняк»

Блаславёная Коласам

Нарадзілася Наталля 3 траўня 1907 года ў Коўна, дзе правяла не так шмат год — да пачатку Першай сусветнай, потым яе бацькі-настаўнікі эвакуяваліся ў расейскую глыбінку, у Самарскую губернію. У вясковай школе, дзе выкладала маці, дзяўчына скончыла сямігодку.

«Уражанняў ад таго часу застаўся цэлы кораб, — пісала прыканцы 1970-х паэтка ў ліставанні з Сяргеем Грахоўскім. — Там застала нас рэвалюцыя, там пабывалі і пад Калчаком і пад чэхамі. Там праходзіў і Чапаеў. Там жа я і вучылася і ў 10-11 гадоў была кіраўніком камсамольскага тэатра. Маці вяла драматычны [гурток], дзе побач з самадзейнымі акцёрамі былі і прафесіяналы, занесеныя туды галадухай і вайной з Самары».

Зрэшты, і пад Самарай сям’я пражыла нядоўга, падчас грамадзянскай вайны перабраўшыся на Случчыну.

Прыгожая, спакойная, задуменна-рамантычная, вершы яна пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве. І бацькі не казалі, каб яна кінула глупства — наадварот, маці паказала першыя вершаваныя спробы дачкі свайму настаўніку з курсаў беларускай мовы.

А настаўнікам быў Якуб Колас, які талент пачынаючай аўтаркі не проста ацаніў, а паўдзельнічаў у яе лёсе: параіў паступаць у знакаміты мінскі педтэхнікум, увайсці ў літаб’яднанне «Маладняк», а вершы абавязкова друкаваць.

Першы шлюб з нешчаслівым фіналам

І Наталля друкуецца — у «Чырвоным сейбіце», «Савецкай Беларусі», «Маладняку», «Полымі» — а яшчэ выдатна вучыцца, выступае з аднакурснікамі ў клубах, школах, на рабфаках і заводах.

У 1926-м выходзіць зборнік «Вершы», дзе пад адной вокладкай сабраліся тры сяброўкі: строгая камсамолка-актывістка Жэня Пфляўмбаўм, бойкая і спрытная Зіна Бандарына і сціплая, маўклівая Наташа Вішнеўская. Зборнік зрабіў на крытыкаў прыемнае ўражанне.

На выпускным курсе Вішнеўская стала жонкай сакратара «Маладняка» Алеся Дудара — дзіва, што не раней, бо той ужо некалькі год прысвячаў ёй сваю любоўную лірыку. З іх атрымалася вельмі прыгожая пара: абодва высокія, блакітнавокія, таленавітыя і вельмі розныя па характары — Дудар, узгадваюць, за крывы погляд ці сумніўныя жартачкі ў бок жонкі мог і «засвяціць» нахабніку.

Аднак сямейнага шчасця ім было адмерана зусім нічога. Неўзабаве Дудара арыштавалі — нагодай стаў верш «Пасеклі край наш папалам» — і выслалі ў Смаленск на тры гады. Тры гады за адзін верш — нічога не нагадвае?

Наталля, на якой вісіць цэтлік «жонкі ворага народу», нейкім цудам паступае ў БДУ, нават спрабуе друкавацца. Але на яе ціснуць, адбіраюць стыпендыю, патрабуючы развесціся з Дударам, інакш… На працу нідзе не бяруць, яна часта галадае — і ў 1930 годзе не вытрымлівае, дасылае мужу рашэнне аб разводзе і «па сямейных абставінах» пераязджае ў Маскву. І больш ніколі не публікуецца.

Дудара ж арыштавалі ізноў, проста там, у ссылцы, па сфабрыкаванай справе неіснуючага «Саюза вызвалення Беларусі», праз пару год дазволілі вярнуцца ў Мінск, а пасля трэцяга арышту забілі — у 1937-м, у чорную «Ноч расстраляных паэтаў».

Другі шлюб. Пераслед

У Маскве, дзе Вішнеўская імкнулася схавацца ад пераследу, яна пазнаёмілася з Алесем Звонакам. Тую першую сустрэчу паэт згадваў так: «Задуменная, з блакітнымі вачамі і залатымі косамі, скручанымі ззаду ў вузел, паўнаватая і рослая, спакойная і разважлівая Наташа Вішнеўская, якая праз некалькі гадоў стане маёй жонкаю».

Пачатак 1930-х. Наталля Вішнеўская і Алесь Звонак .Фота з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Для яе знайшлася нават праца, спачатку ў беларускай секцыі дзяржвыдавецтва народаў СССР, потым у газеце «Гудок», дзе яна рэдагавала беларускую старонку. Толькі ў паэзію не вярнулася, шмат у чым з-за ўплыву Звонака, які пераканаў: маўляў, позна ўжо.

Праз чатыры гады сям’я пераехала ў Мінск, далучылася да працы над 10-томнай Беларускай савецкай энцыклапедыяй. Адным з першых яны сустрэлі Алеся Дудара, які акурат вярнуўся са ссылкі — па ўспамінах агульных сяброў, той прабачыў вымушаную здраду і былой жонцы, і сябру. Але тут іх не пакінулі ў спакоі. Увосень 1936 года Дудара і Звонака арыштавалі НКУСаўцы.

Трапіла ў «амерыканку» і сама Вішнеўская, але неўзабаве яе выпусцілі (вельмі верагодна, таму, што ва ўсіх сваіх паказаннях Дудар абараняў былую жонку, сцвярджаў, што яна недатычная да «контрэвалюцыйных поглядаў»).

Знаёмы следчы, аднак, намякнуў, што яе свабода — гэта ненадоўга, і Наталля з маці з’ехалі з Беларусі, схаваліся ў цёткі ва Украіне. А вось другому мужу паэткі Алесю Звонаку пашэнціла менш: яго не расстралялі, «толькі» далі 10 год лагераў у Магаданскай вобласці…

Апошняе каханне і чужыя родныя дзеці

У 1938 годзе Вішнеўская перабралася ў Ленінград. Тут яна сустрэла свайго трэцяга, і апошняга, мужа — і зноў беларуса, і зноў паэта, які ледзь пазбег рэпрэсій на радзіме, Янку Бобрыка (сааўтара Звонака па дэбютным для абодвух зборніку вершаў і стрыечнага брата паэта Сяргея Грахоўскага).

Янка Бобрык. З архіваў БДАМЛІМ

Мабыць, гэты апошні шлюб мог стаць доўгім і шчаслівым. Але не збылося. Калі пачалася вайна, Бобрыка камісавалі — аднак ён усё адно пайшоў добраахвотнікам у апалчэнне, рыў акопы, хоць па слабым здароўі часта хварэў і трапляў у шпіталь.

Між тым яго, як галоўнага рэдактара ўпраўлення па справах мастацтва Ленінградскага гарвыканкама, маглі эвакуяваць у тыл. Больш за тое, настойліва прапаноўвалі, але ні ён, ні Вішнеўская не вырашаліся.

«8 км праз увесь горад, бліжэй да фронту, — успамінала паэтка, як хадзіла ў той час на працу ў бібліятэку. — 125 грам хлеба і нічога больш — было дужа цяжка. Але прахадзіла я так да красавіка [19]42 г., калі доктар катэгарычна забараніў такія прагулкі. Проста сказаў, што я аднойчы застануся на дарозе.

Вось тады я і перабралася блізка ад дому ў дзіцячы дом. Тут таксама хацела заставацца, але дырэктар літаральна выпхнуў мяне ў эвакуацыю. Многа людзей выратаваў такім чынам».

Наталля ўгаворвала і мужа з’ехаць у Горкаўскую вобласць, але ён адмовіў. Бобрык упарта сказаў, што застанецца і лепш памрэ ў Ленінградзе. На жаль, так яно і адбылося: у жніўні 1942-га яго, знясіленага ад голаду, знайшлі на вуліцы і адвезлі ў шпіталь — але выратаваць ужо не змаглі.

Цяжка ўявіць, якім ударам гэта стала для Вішнеўскай. Замуж яна больш выйсці не наважылася. Затое забрала з дзіцячага дома дваіх хлопчыкаў, Толю і Мішку, і адна выхавала іх як родных сыноў — абодва потым сталі афіцэрамі флоту.

«Сумавала па роднай Нямізе»

Пасля вайны яна вярнулася ў Ленінград, зноў цудам пазбегла прысуду па так званай «ленінградскай справе» ў 1952-м, калі пад рэпрэсіі трапілі не толькі партыйныя кіраўнікі, але і дзеячы навукі і культуры — для яе гэта быў «толькі» год пад следствам.

Вішнеўская ўладкавалася на працу ў бібліятэку, дзе працавала амаль 20 год да пенсіі — сярод кніг, але без свайго паэтычнага голасу.

Сям’я былога дзетдомаўца Толіка стала для яе па-сапраўднаму роднай — дзеці называлі яе бабуляй, усе Наталлю Вячаславаўну вельмі любілі. Яна ж жыла разам з цёткай, матулінай сястрой, ціхім пенсіянерскім жыццём: дача, кветкі, коткі, якіх Вішнеўская падбірала ды  лячыла.

Яна не вярнулася ў Беларусь, хоць, прызнавалася ў перапісцы з Грахоўскім, «сумавала па роднай Нямізе». Але разам з тым разумела, што таго Мінска, які памятала, ужо няма, ніхто там яе не ведае й не чакае, бо самых блізкіх даўно няма. А магчыма, падступна баялася, страціўшы аднаго за адным трох мужоў, што нешта страшнае напаткае і яе. Хоць у 1960-ыя пра яе прыгадалі, запрашалі на вечарыны памяці — ніводнага разу не прыехала.

«Трэцяга траўня адсвяткавала сваё васьмідзесяцігоддзе – распавядала яна ў перапісцы з Сяргеем Грахоўскім. – Сабраліся ўсе маі выхаванцы, была цеплыня і лепшыя пажаданні. Адным словам, сядзела ўся ў кветках, але чамусьці захацелася зараўсці ўголас, як простай бабе, хоць я ніколі не плачу і не разумею жаночых слёз.

Столькі пражыла, пройдзены такі шлях, Божа мой! А што зроблена! Усё жыццё растрачана на нейкія дробязі, на вечныя страхі, на здабыванне кавалка хлеба».

Роўна праз два гады, акурат на 82-і дзень нараджэння, Наталлі Вішнеўскай не стала.

Вяртанне да чытача

Аднак спадчына яе засталася — прынамсі, эпісталярная. Каля 100 лістоў і паштовак былі перададзеныя ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва: у іх нямала цікавостак пра пэўныя падзеі 1920-30-х, успаміны і факты пра беларускіх класікаў.

Таксама ў асабістых архівах і ліставаннях былі знойдзены яшчэ некаторыя вершы паэткі — напрыклад, тры з іх раскапала ў архіве Звонака Ганна Севярынец.

І, дзякуючы намаганням сучасных даследчыкаў, сустрэча Вішнеўскай з чытачом усё ж адбылася. Летась у Мінску, дзякуючы Віктару Жыбулю і выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаўм», убачыў свет першы асобны зборнік Наталлі Вішнеўскай «Неба мнагавокае» — туды ўвайшлі ўсе вядомы на сёння вершы паэткі, апавяданне «Завея», лісты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)