Вячорка: Усе намаганні вызваліць палітвязняў праз перамовы не спрацавалі

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — пра тое, ці мае практычны сэнс думка, што зняцце санкцый дапаможа вызваліць палітзняволеных.

— Для нас з вамі палітвязні і рэпрэсіі — гэта праблема, для міжнароднай супольнасці — гэта таксама праблема. А для Лукашэнкі гэта не праблема, ён не бачыць сэнсу ў тым, каб зараз ісці на саступкі і кагосьці вызваляць, мяняць сваю палітыку, — кажа Вячорка ў эфіры Еўрарадыё. – Ён не бачыць гэтую праблему, бо нават тыя санкцыя, якія зараз уводзіліся, яны ўводзіліся за саўдзел у вайне ці вываз украінскіх дзяцей, а не за палітвязняў.

Франак Вячорка

Таму наша задача — зрабіць гэта праблемай Лукашэнкі. Каб ён ведаў, што за кожнага палітвязня, кожны вобшук, ператрус, катаванне, ён будзе плаціць. Для гэтага патрэбна праца міжнароднай супольнасці па ўзмацненні ціску.

Ёсць такая версія: давайце змірымся, здадзімся, пазвонім Васкрасенскаму і ўсіх вызваляць. Але яна не спрацавала і не паказала сябе эфектыўнай.

Дарадца Ціханоўскай кажа, што раней Захад спрабаваў не ціснуць на Лукашэнку, каб ён не дапамагаў Пуціну і не рэпрэсаваў беларусаў.

— Але гэта нічога не вырашыла. Пуціну ён дапамог максімальна на колькі мог, а рэпрэсіі толькі ўзмацніліся.

Таму версія такая ёсць, але пакуль што яна проста не мае практычнага вымярэння. Можа быць, мы з вамі думаем рацыянальна, што і Лукашэнка па той бок, і яго памагаты таксама рацыянальныя людзі. Але яны не рацыянальныя.

Можа, дарма мы там шукаем нейкую логіку: вось, мы зробім так, а яны так. І гэтыя ўсе дзеянні, у тым ліку зачыстка, якая вялася супраць Каардынацыйнай Рады і актывістаў апошнія дні — можа, гэта проста эмацыйны выбух Лукашэнкі альбо нейкіх сілавікоў, якія вырашылі паказаць сваю важнасць.

І гэта не звязана з санкцыямі і ціскам. Вось у гэтым і ёсць складанасць — як зразумець прыроду таталітарнага цяперашняга рэжыму і яго паводзін?

Вячорка зазначыў, што на бліжэйшых слуханнях КР будуць прадстаўлены розныя пазіцыі вызвалення палітзняволеных.

— Усе нашы намаганні, намаганні нашых замежных партнёраў — па тым, каб праз перамовы пагаварыць і выпусціць — яны не спрацавалі. І ўсе магчымыя краіны спрабавалі гэта рабіць. Гэта не працуе.

Працуе, калі гэта становіцца праблемай для рэжыму, як я казаў. У нас не задзейнічаны ААН, вярхоўны камісар па правах чалавека, які можа патрабаваць доступ да турмаў, праверкі ўмоваў, каб людзей хаця б вывелі са стану інкамунікада.

Я думаю, што можа спрацаваць моцная пагроза санкцый, у тым ліку спыненне транзіту на гандаль праз еўрапейскую мяжу. Калі б ЕЗ і США гэта сінхронна абазначылі, было б добра.

Па тым санкцыям, якія зараз прымаюцца, палітвязні згадваюцца ў трэцюю чаргу. А наша задача зрабіць яе першай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.8(30)