Общество

Вольга Гарбунова ў Белым доме: «Ведаю, што ўсе палітвязні выйдуць на волю і мы вернемся дадому»

Узнагарода Дзярждэпартамента ЗША International Women of Courage Awards уручана Вользе Гарбуновай дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і першай лэдзі ЗША Джыл Байдэн на ўрачыстай цырымоніі ў Белым доме.

Пасля цырымоніі прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета заявіла:

— У Беларусі няма закона аб прадухіленні хатняга гвалту, ёсць 88 забароненых прафесій для жанчын, а прама зараз мінімум 187 жанчын-палітзняволеных знаходзяцца ў турмах, дзе падвяргаюцца гвалту і катаванням за смеласць адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

З 2020 года праз турмы і несправядлівыя суды прайшло мінімум 895 жанчын і рэпрэсіі не спыняюцца.

Роўна два гады таму ліквідавалі недзяржаўную арганізацыю «Радзіслава». Мы дапамагалі тысячам жанчын і іх дзецям, адкрывалі гарачыя лініі, давалі прытулак, шукалі адвакатаў і псіхолагаў для пацярпелых, адкрывалі курсы па жаночай самаабароне, лабіравалі закон аб прадухіленні хатняга гвалту, а чыноўнікі дагэтуль кажуць, што гэтая праблема «не стаіць востра» і закон не патрэбен.

У Беларусі за два гады было ліквідавана больш за 1500 недзяржаўных арганізацый, а тысячы людзей засталіся без падтрымкі.

Самых адважных і непакорлівых з нас яны пасадзілі ў турмы: Марыю Калеснікаву, Галіну Дзербыш…

Самых непрадказальных і трывалых з нас яны выгналі з краіны: Святлану Ціханоўскую, Святлану Алексіевіч…

Самых асцярожных і адчайных з нас яны да гэтага часу не могуць знайсці, таму што мы ўсюды, у кожным горадзе і вёсцы Беларусі.

Я ведаю, што ўсе палітвязні выйдуць на волю і мы вернемся дадому. Беларусь будзе вольнай, і там будзе рэальная гендарная роўнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(33)