«Тры гады таму ягоныя словы – «я выходжу» – сталі сапраўдным дэвізам беларусаў»

12 лістапада спаўняецца тры гады з дня гібелі Рамана Бандарэнкі.

З гэтай нагоды лідарка дэмсілаў Беларусі Святлана Ціханоўская запісала зварот да беларусаў:

— Тры агады, як з намі няма Рамана Бандарэнкі. Тры гады таму ягоныя словы — «я выходжу» — сталі сапраўдным дэвізам беларусаў, а сам Раман стаў сімвалам барацьбы беларусаў за свабоду.

Ва ўмовах тэрору любы ўчынак, любая дэманстрацыя нязгоды патрабуюць адвагі. Кожнае такое дзеянне, нават калі яно падаецца нязначным, усё роўна набліжае нас да мэты — жыць у свабоднай краіне, без гвалту і дыктатуры.

Мэты, да якой рухаўся і Рома. Мэты, дзеля якой Рома і выйшаў у той дзень на Плошчу Перамен. І ў гэты дзень, 12 лістапада мы адзначаем Дзень Салідарнасці з Беларуссю.

Сёння беларусы замежжа выйдуць на акцыі, каб ушанаваць памяць Рамана і ўсіх, хто аддаў жыццё за нашую свабоду. І калі для вас гэта бяспечна — далучайцеся. Давайце не забывацца пра нашых герояў. Вечная памяць табе, Раман Бандарэнка.

Нагадаем, што позна ўвечары 11 лістапада 2020-га Раман Бандарэнка выйшаў у свой двор, каб паразмаўляць з невядомымі, што прыехалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы Перамен».

Рамана схапілі і зацягнулі ў бус, пазней яго, моцна збітага

прывезлі ў Цэнтральнае РУУС, а адтуль у бальніцу. Дзе ён памёр ад шматлікіх траўм у ноч на 12 лістапада.

Незалежныя расследаванні, заснаваныя ў тым ліку на злітых тэлефонных размовах, сведчаць пра наўпроставую датычнасць да смерці Рамана супрацоўнікаў міліцыі, а таксама набліжаных да ўладаў спартоўцаў.

Аднак Генпракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце забойства Бандарэнкі: афіцыйныя органы не змаглі ўстанавіць асобу, датычную да злачынства.

Развітанне з Раманам Бандарэнка, 20 лістапада 2020-га

Пры гэтым за разгалошванне інфармацыі, што ў Рамана было нуль праміле ў крыві, тэрміны атрымалі журналістка Кацярына Барысевіч і доктар Арцём Сарокін. У калоніі таксама апынуліся журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія рабілі рэпартаж з акцыі памяці на Плошчы Перамен.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)