Политика

Святлана Ціханоўская — Кангрэсу ЗША: Свабода ў Беларусі ўдарыць па Пуціне мацней за любыя санкцыі і дапаможа Украіне перамагчы ў вайне

Палітык заклікала падтрымаць праект новага беларускага пашпарту і далучыць нашую краіну да плана эканамічнага аднаўлення.

У Падкамітэце па Еўропе Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША праходзяць слуханні па Беларусі, на якіх з прамовай выступіла беларуская лідарка.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, падчас выступу палітык агучыла шэраг практычных прапановаў Кангрэсу ЗША для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі:

  • Прызначыць спецпасланніка ЗША для працы з дэмакратычнай Беларуссю.
  • Падтрымліваць беларусаў і дапамагаць сем’ям рэпрэсаваных. А таксама ўхваліць рашэнне аб прадастаўленні статусу часовай абароны для беларусаў у ЗША.
  • Дадаць Беларусь у план эканамічнага аднаўлення – і пашырыць праект, які пакуль што тычыцца толькі Украіны і Малдовы.
  • Падтрымаць праект новага беларускага нацыянальнага пашпарту, які рыхтуецца да запуску ў 2024 годзе.
  • Прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да адказнасці праз міжнародныя суды.
  • Прызнаць пагадненні, падпісаныя дыктатарам Лукашэнка з Расіяй, несапраўднымі. І ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі за незаконныя спробы ўзяць Беларусь пад кантроль.

Я ўпэўненая, што Беларусь стане па-сапраўднаму незалежнай, свабоднай краінай, надзейным партнёрам, членам Еўрапейскага саюза і Трансатлантычнай супольнасці.

Але каб дасягнуць гэтай мэты, нам трэба ліквідаваць нелегітымны рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, які з дапамогай Расіі і пад яе кіраўніцтвам узурпаваў уладу.

Святлана Ціханоўская 

Лідарка дэмсіл нагадала ў Кангрэсе ЗША пра тое, што ў Беларусі 60 тысяч чалавек падвергліся затрыманням.

— Сотні тысяч былі вымушаны бегчы. У закладнікі былі ўзятыя тысячы палітвязняў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, мая калега Марыя Калеснікава, кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, журналіст Ігар Лосік і мой муж Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на 19 гадоў.

Мае дзеці не бачылі свайго бацьку ўжо 3,5 гады. Я з сакавіка не атрымлівала аб ім вестак і не ведаю, ці жывы ён.

Людзей у турмах катуюць і трымаюць без сувязі са знешнім светам. Больш за 100 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане і могуць не выжыць. Вызваленне палітычных зняволеных — гэта пытанне, якое нельга адкладаць на потым.

Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Расіі. Свабода ў Беларусі ўдарыць па Пуціне мацней за любыя санкцыі і дапаможа Украіне перамагчы ў вайне.

Таму падтрымка свабоднай Беларусі — гэта не дабрачыннасць. Гэта вашыя інвестыцыі ў мір і бяспеку на ўсёй планеце.

Палітык заклікала падтрымаць беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, незалежныя СМІ і сем’і рэпрэсаваных.

— Дапамажыце тым, хто жыве ў выгнанні і не можа вярнуцца дадому. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць прадастаўленне часовага абароннага статусу грамадзянам Беларусі ў ЗША.

Беларусам за мяжой адмаўляюць у падаўжэнні пашпартоў. У адказ на гэта мы рыхтуемся да выпуску новага беларускага нацыянальнага пашпарта і просім Кангрэс падтрымаць наш праект.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(40)