Филин

Юлія Кот

Стрыжак: « Гэта такая вандроўка з прысмакам небяспекі, рэальны экстрым-тур»

Беларусаў хочуць абавязаць паведамляць у МУС пра замежных гасцей. Праваабаронца распавёў Филину пра касплэй беларускімі ўладамі савецкіх падыходаў і спробы ўсталяваць татальны кантроль.

У Беларусі збіраюцца абавязаць грамадзян паведамляць «у органы» аб здачы кватэр, дамоў і сядзіб замежнікам, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны — нават калі апошнім не патрэбная рэгістрацыя. Адпаведны законапраект ужо прыняла ў першым чытанні Палата прадстаўнікоў.

Справаздача давядзецца як фізічным, так і юрыдычным асобам, незалежна ад таго, ідзе гаворка пра арэнду кватэры, бізнес-апартаментаў ці дачы, альбо паслугі аграсядзібы. За невыкананне абавязку аб інфармаванні пра такіх замежнікаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Ініцыятарам зменаў у законе аб прававым становішчы замежнікаў і Адміністрацыйным кодэксе выступіла, як няцяжка здагадацца, Міністэрства ўнутраных спраў. Яго кіраўнік Іван Кубракоў заявіў, што гэтыя захады дазволяць «адаптаваць нормы закону да сучасных рэалій». Аднак выглядае падобны крок, хутчэй, вяртаннем да савецкай рэчаіснасці, калі кожны замежнік — на ўсякі выпадак — так і інакш знаходзіўся пад наглядам сілавых структур і спецслужбаў.

Для чаго ўладам спатрэбіліся новыя нормы і да чаго прывядзе далейшае ўзмацненне кантролю, Филин абмеркаваў з праваабаронцам, сузаснавальнікам BYSOL Андрэем Стрыжаком.

— Гэта яўны касплэй савецкіх падыходаў, якія існавалі яшчэ адносна нядаўна, — адзначае Андрэй Стрыжак. — Маладым нашым чытачам, мабыць, будзе цікава даведацца, што ў гатэлях былі такія калідорныя, якія пільнавалі за маральным абліччам савецкіх грамадзян: каб не пілі і не «разлагаліся маральна». І яны працавалі ў звязцы з КДБ, з сілавікамі, асабліва ў такіх гатэлях, якія абслугоўвалі іншаземцаў.

А ўявіць яшчэ трыццаць год таму, каб нехта прыехаў з-за мяжы і проста пасяліўся ў кагосьці на кватэры — гэта было абсалютна немагчыма, бо ўсе павінны былі быць пад наглядам і пад кантролем.

Думаю, старэйшая генерацыя сілавікоў відавочна мае настальгію па гэтых часах, альбо хоча наладзіць прыблізна такі самі ўзровень кантролю над людзьмі — і беларусамі, і тымі, з кім яны камунікуюць.

Безумоўна, зазначае праваабаронца, адыгрывае сваю ролю стэрэатып, які ўлады насаджаюць увесь час, аб тым, што Захад — гэта небяспека:

— Нават Касым-Жамарт Кемелевіч Такаеў учора заявіў, што лукашэнкаўскія пастаянныя ўскрыкванні «ваўкі, ваўкі!», паўтор пра знешнія пагрозы — гэта ўжо занадта. То бок, нават для Казахстану, які таксама зусім не дэмакратычная краіна, такі падыход — празмерны.

А сама па сабе гісторыя з дадатковым кантролем, вядома, адсылае нас да савецкіх часоў і спробаў усталяваць татальны кантроль, перадусім над асабістым жыццём усіх беларусаў. І  «каб чаго не было» — прадухіліць магчымае пранікненне «варожых элементаў» разам з іншаземцамі ў беларускую прастору.

— Адметна, што норма распаўсюджваецца не толькі на «заходнікаў», але і прадстаўнікоў цалкам сабе сяброўскіх краін, у тым ліку грамадзян Казахстана і Расіі…

— У цэлым, для сістэмы не важна, заходні-не заходні, галоўнае, што чужы. Для лукашэнкаўцаў цяпер праходзіць этап гэткай кансалідацыі, калі яны спрабуюць прасунуць сваё бачанне карпаратывісцкай дзяржавы — як было пры Мусаліні, калі ў Італіі спрабавалі пабудаваць дзяржаву, дзе ўсе ад усіх залежаць і ўсім падсправаздачныя па вертыкалі, і ніхто іншым крокам у шэрагу не ходзіць.

Натуральна, часы змяніліся, і цяперашняя Беларусь — не Італія 1930-х гадоў, дый тэхналогіі зусім іншыя. Але застаецца нязменным жаданне таталітарнага альбо дыктатарскага строю падпарадкаваць чалавека цалкам, уключна з ягоным прыватным жыццём.

— Хіба гэта не шкодзіць іміджу, які спрабуе стварыць рэжым? Бо, з аднаго боку —  Беларусь як «выспа стабільнасці», добрасуседская краіны, вось вам безвіз, прыязджайце ўсе ў госці да нас. А з другога — прыязджайце, але помніце, госці дарагія, што за вамі сочаць.

— Гэта мне нагадвае часы ўмоўнай лібералізацыі, калі праводзіліся альбо Алімпіяда-80 ці Міжнародны фестываль моладзі. Насамрэч, ёсць пэўныя складанасці, каб скласці гэтыя супрацьлеглыя пазіцыі ў галаве канкрэтнага чыноўніка альбо сілавіка. Бо, вы маеце рацыю: з аднаго боку, заклікаюць прыязджаць і прывозіць сваю валюту, а з іншага — вось такая штука.

І таму, паводле статыстыкі, сярод замежнікаў, якія наведваюць Беларусь, даволі вялікую лічбу складаюць літоўцы і латвійцы — але адначасова мы бачым, што грамадзяне Літоўскай рэспублікі альбо Латвійскай рэспублікі становяцца ахвярамі пераследу з боку беларускіх сілавікоў.

Хутчэй за ўсё, мяркуе Андрэй Стрыжак, такі супярэчлівы падыход улады будуць спалучаць і надалей:

— Гэта такая вандроўка з прысмакам небяспекі, рэальны экстрым-тур ва ўжо не апошнюю, але адну з апошніх дыктатур Еўропы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)