Пятрухін: «Будучы ў Беларусі ты разумееш, што тваё жыццё табе не належыць – у любы момант цябе могуць узяць і раздушыць»

Былы палітзняволены блогер, які выйшаў на свабоду ў снежні 2022 года і зараз эвакуіраваны з Беларусі ў Польшчу, у эфіры канала «Народный репортер» распавёў пра прычыны свайго ад’езду з краіны.

Сяргей Пятрухін

— Вялікі дзякуй тым, хто дапамог мне выехаць з краіны, — кажа Сяргей Пятрухін. — Хаця я яе вельмі люблю. Апошні час нешта трыгернула мяне: здарылася Е-дастаўка, і я падумаў, што мне лепей з’ехаць, бо ў спакоі не пакiнуць.

Я вельмі не хацеў з’язджаць, але псіхіка ўсё ж такі не вытрымала.

Я спакойна хадзіў на «промку» на працу, нікуды не лез, вывучаў іншаземныя мовы. Потым чую, што выбухі ўсё бліжэй і бліжэй. Калі чыталі Салжаніцына, Шаламава — крымінальная дзяржава ніколі не даруе. І калі ўзяць тое, што людзям даюць 4-5 гадоў за лайк, і тое, што мы рабілі ў свой час (звяртаючыся да блогера i земляка Аляксандра Кабанава — С.), яны гэта не даруюць.

Я апошні час жыў у Беларусі і мяне трэсла. Яны настолькі могуць запалохаць людзей, што будучы там, ты разумееш, што тваё жыццё табе не належыць. У любы момант цябе могуць узяць і раздушыць.

Пятрухін успомніў, што адзін з міліцыянтаў цікавіўся ў яго, чаму ён не з’язджае, але ніхто не папярэджваў, што могуць ізноў затрымаць:

— Стала невыносна жыць у рытме, калі страх з’ядае цябе знутры: чысціш тэлефон і г.д.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(12)