Политика

Прадстаўнік ЕЗ: Мы ўважліва сочым, каб нашыя санкцыі супраць Расеі не абыходзілі праз Беларусь

18 снежня Еўразвяз прыняў новы, 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі. У яго ўвайшла забарона на экспарт у Расею хімікатаў, станкоў, ліціевых батарэяў, рухавікоў для беспілотнікаў. Але для Беларусі гэтай забароны ў новым пакеце няма. Прэс-сакратар Еўрапейскай Камісіі Петэр Стано патлумачыў у інтэрв’ю БЕЛСАТу, ці ёсць небяспека рээкспарту тавараў праз беларускую мяжу.

Прэсавы сакратар Еўрапейскай Камісіі Петэр Стано. Фота: Alexandros Michailidis. Крыніца: Shutterstock

Па словах Петэра Стано, 12-ы пакет якраз і скіраваны на тое, каб не дапусціць абыходу Расеяй еўрапейскіх санкцыяў.

— Гэта тое, да чаго мы вельмі ўважліва прыглядаемся, каб пераканацца, што нашы санкцыі эфектыўныя і іх не абыходзяць шляхам экспарту праз Беларусь ці якія-небудзь іншыя кампаніі. У гэтым 12-м пакеце мы ўвялі санкцыі ў дачыненні да 29 суб’ектаў з іншых краін, якія дзейнічаюць як не расейскія арганізацыі і займаюцца абыходам санкцыяў Еўрапейскага звязу, — адзначае прэс-сакратар ЕК.

Калі мы знойдзем доказы або прыкметы таго, што нешта падобнае адбываецца, то мы гатовыя рабіць далейшыя крокі.

Зараз ЕЗ вядзе падрыхтоўку новага пакету санкцыяў.

— Філасофія еўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі заключаецца ў тым, каб рэагаваць на кожную эскалацыю з боку Расеі і пераканацца, што яна абмежаваная ў сваіх магчымасцях фінансаваць працяг агрэсіі супраць Украіны. Такім чынам, мы ўвесь час пераглядаем санкцыі і гатовыя прыняць іншыя меры, калі гэта неабходна. Для нас вельмі важна пераканацца, што ўсё рэалізавана правільна, – тлумачыць Петэр Стано.

Па яго словам, гэта бесперапынны працэс, які ўвесь час пераглядаецца і карэктуецца для дасягнення мэтаў.

— А мэты палягаюць у тым, каб знішчыць расейскі ваенны патэнцыял, эканамічную і тэхналагічную базу, каб Расеі было больш складана працягваць сваю незаконную агрэсію супраць Украіны, — адзначае Стано.

Як вядома, у спісе фізічных асоб, на якіх распаўсюджваюцца новыя санкцыі, як мінімум 11 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Стано нагадаў, што Беларусь ужо знаходзіцца пад шэрагам санкцыяў ЕЗ.

— Так было і ў мінулым, мы ўжывалі санкцыі супраць людзей і арганізацыяў не толькі з Расеі, але і з Беларусі за іх удзел у незаконнай агрэсіі Расеі і яе падтрымку. У асноўным гэта людзі з арміі, абароннай прамысловасці або з бізнес-сферы, якія маюць цесныя сувязі з рэжымам.

Важна тое, наколькі глыбока гэтыя людзі падтрымліваюць агрэсію расейскіх войскаў супраць Украіны. Гэтыя спісы асобаў зацвярджаюцца 27 дзяржавамі-членамі ЕЗ на аснове наяўных доказаў. Галоўны крытэр – мець дастаткова доказаў, каб мы маглі ўнесьці гэтых людзей у санкцыйны спіс за канкрэтныя дзеянні або заявы, якія яны робяць у падтрымку або дапамогу Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, – падсумаваў Петэр Стано.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(5)