Общество

Памерла Лета Юстыновіч – грамадская актывістка, якую ведалі тысячы людзей

Дзясяткі гадоў яе можна было бачыць практычна на ўсіх апазіцыйных акцыях, якія адбываліся ў Мінску.

Фота: Наша Ніва, Юлія Дарашкевіч   

29 сакавіка а 15-й гадзіне памерла Лета Юстыновіч. Гэтую мініяцюрную мінчанку ў вышываным адзенні і карункавай палярыне ў твар ведалі тысячы людзей, хоць яна не з тых, каго паказвалі па тэлебачанні, піша Наша Ніва.

Лета Юстыновіч нарадзілася ў Мінску ў 1939 годзе. Гадавалася без бацькі, бо ён, па прафесіі інжынер, загінуў 12 сакавіка 1940 года на савецка-фінскай вайне. Маці была настаўніцай.

Адукацыю Лета атрымлівала ў мінскім Політэхнічным інстытуце. Пасля яго заканчэння паехала працаваць у сібірскі Брацк, але праз пяць гадоў вярнулася на радзіму, каб застацца на ёй назаўсёды.

Вядомай жанчына стала таму, што, як сама казала ў 2009 годзе, «у 1989-м, калі пачалося Адраджэнне, я кінулася ў яго з галавой. Гэтыя дваццаць гадоў ім і жыву».

Дзясяткі гадоў яе можна было бачыць практычна на ўсіх апазіцыйных акцыях, якія адбываліся ў Мінску — і на буйных, і на дробных. Далёка не кожны з іншых іх удзельнікаў ведаў, як яе завуць, але ў твар пазнавалі тысячы людзей. Яна была сапраўдным сімвалам і ўвасабленнем беларускага нацыянальнага і дэмакратычнага руху.

Пахаванне Леты Юстыновіч пройдзе ў суботу, 30 сакавіка, а 13-й гадзіне ў Лоску на Валожыншчыне. У гэтай вёсцы жыве яе дачка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)