NaviBand: «Беларусь зараз жыве нейкім сваім жыццём, якое зусім не падобнае на наша»

Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка — пра творчасць і вяртанне дадому.

— Я ўпэўнены, калісьці мы адзначым свой юбілей і ў Мінску, — кажа ўдзельнік гурта NaviBand Арцём Лук’яненка на Обычном утре.

Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук

25 траўня беларускі гурт адсвяткуе дзесяць гадоў на сцэне. Святочны канцэрт адбудзецца на адной з галоўных пляцовак Варшавы — у Club Progresja.

Напярэдадні ўдзельніца гурта Ксенія Жук спявала разам з гуртом БІ-2.

— Мы ўжо не першы год падтрымліваем сувязь з Шурай з БІ-2, — расказалі музыканты. — Ніколі не забудзем гісторыю, калі прыйшлі да яго знаёміцца дадому.

Шура адчыніў дзверы і першае, што спытаў, было: «Боршч будзеш са смятанай ці без?».    

Зараз мы запісваем песню разам з Шурай на беларускай мове. Прэм’ера адбудзецца ўвосень.

Спевакі нагадалі, што калісьці пазнаёміліся з Дзіянай Арбенінай і выступалі разам з ёй у «Крокус Сіці Холе».

— Гэта быў 2015 год, мы толькі пачыналі творчасць, літаральна нашы першыя крокі. Пасля выступу ў Магілёве Арбеніна запрасіла нас на юбілейны канцэрт у «Крокусе», і мы тады ездзілі, і спявалі разам менавіта ў той зале, дзе адбыўся жудасны тэракт, — распавялі артысты.  

Яны кажуць, што вяртанне ў Беларусь дагэтуль застаецца для іх балючай тэмай.  

— Мы часта пра гэта думаем, — прызнаецца Арцём. — Больш за ўсё мне непрыемна, што людзей, якія з’ехалі, прычым мы ведаем што з’ехала вельмі шмат прафесіяналаў ва ўсіх сферах, называюць «беглымі» і аддзяляюць ад тых беларусаў, якія жывуць у Беларусі.  

Такога не павінна быць, асабліва з боку ўлады. Улада не можа раздзяляць людзей, якія з’яўляюцца грамадзянамі тваёй краіны, на на сваіх і чужых.   

Гэты падзел — вельмі дрэнная гісторая. Я ўпэўнены, што нейкі працэнт людзей павядзецца на гэтую правакацыю, што насамрэч няправільна. Мы адзін народ. Так атрымалася, што шмат людзей выехалі не па сваёй волі.

І тут людзям трэба жыць, камусьці — выжываць. Але калі нават у кагосьці тут усё атрымліваецца добра, гэта не значыць, што яны не сумуюць па сваёй Радзіме.

І ў тым, што людзі хочуць прыехаць да сваіх родных у Беларусь, я таксама не бачу нічога дрэннага. Называць гэта, што яны прыязджаюць «вылечыць зубок», абсалютна абсурдна. Гэта не словы лідара нацыі.

Чалавек, які любіць свой народ, ніколі не будзе так казаць і трымаць людзей у страху.

— Так, сумуеш увесь час і хочаш прыехаць дадому, — працягвае Ксенія. — Але ў гэтым годзе будзе ўжо 4 гады, як мы не жывем у Беларусі.

І я ўжо не ўяўляю, як зараз прыеду і буду там жыць. Таму што краіна жыве нейкім сваім жыццём, якое зусім не падобнае на наша. І я не адчуваю ўжо сябе часткай таго Мінску, той Беларусі, у якой я была. І гэта дзіўна крыху.

Таму мы нібыта прынялі тое, што вось зараз проста такі час, такі шлях. Невядома, можа, калісьці мы захочам вярнуцца, каб аднавіць месца, у якім мы калісьці былі, рознымі рэчамі, па-першае культурай.  

— А я дакладна хачу вярнуцца і ўбачыць перамены сваімі вачыма, — кажа Арцём. — Бо мы верым у тое, што наша пакаленне гэта ўбачыць.   

Калі ўзяць статыстыку сацыяльных сетак, то больш за 55% людзей, якія сочаць за нашай творчасцю, з Беларусі. Гэта немала, таму ёсць надзея.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(27)