Наста Ільіна: «Мы моцна дапамаглі Украіне — далі ёй амаль два гады, каб падрыхтавацца да вайны»

Доктар гуманітарных навук, гісторык, вядоўца праграмы Intermarium Наста Ільіна — пра тое, што рабіць беларусам і чаму 2020 год быў важным для іх.

– Калі казаць пра паўстанні, яны заўсёды адбываюцца ў кепскі час, — кажа Наста Ільіна ў эфіре Еўрарадыё. – Няма добрага часу для паўстанняў, яны заўсёды запозна ці зарана.

Наста Ільіна. Фота: скрыншот з Еўрарадыё/YouTube

Таму крытыка Латышонка (беларускі гісторык у Польшчы — С.) паўстання 1863 года — тут цяжка не пагадзіцца, бо сітуацыя на 100 гадоў адкінулася (у горшы бок – С.).

Я тут скажу страшную рэч, але яна можа быць праўдзівай: 2020 год нас таксама адкінуў, толькі пытанне, на колькі: на пару дзесяцігоддзяў ці рэальна на стагоддзе?

І тут нам трэба ацаніць сітуацыю, што нам трэба зрабіць, каб захавацца як нацыі. Пра гэта можна дыскутаваць. На жаль, не ўсе разумеюць, што без нашай мовы як адметнасці мы размыемся і нас не будзе за мяжой і ў межах сваёй краіны.

Я разумею, можна выйсці на вуліцу і адгрэбці за беларускую мову, але гэта не значыць, што не трэба вучыць дзяцей размаўляць па-беларуску.

Нягледзячы на тое, што 2020 год мог адкінуць беларусаў у стан мінулага, гісторык лічыць тыя падзеі важнымі.

— Гэта быў вельмі важны год ў нашай гісторыі і для нашай нацыі. Магчыма, калі б яго не было, нас як нацыі магло і не быць. І 2020 год для нас — гэта пячатка, што мы ёсць.

Я думаю, што вайна Расіі супраць Украіны была б у любым выпадку. Мы вельмі моцна дапамаглі Украіне, таму што далі ёй амаль два гады, каб падрыхтавацца да вайны.

Не было падрыхтаванае грамадства, але вайскоўцы рыхтаваліся. І калі б не мора нашага пратэсту ў 2020-м, Пуцін пайшоў бы яшчэ раней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)