Наста Базар: «Паўсюль кажуць — нараджай. А потым ты раджаеш і адчуваеш сябе ізаляванай у грамадстве»

Эксперты кажуць пра дэмаграфічную катастрофу ў нашай краіне. Праблемы з нараджальнасцю бачаць і ўлады, і кажуць, што жанчына павінна раджаць. Феміністка і нізавая актывістка Наста Базар лічыць, што на нараджальнасць у Беларусі і тым ліку ўплывае палітыка Лукашэнкі.

— І для мяне, як бы гэта не гучала, радасна, што нарэшце жанчыны пачынаюць задумвацца, што могуць не нараджаць, таму што ўмовы не акей, — кажа Наста Базар у праграме Трэба пагаварыць. — Здаецца, апошнія гады паказваюць, што сістэма «даў бог зайку, дасць і лужок», не працуе.

Наста Базар

І нарэшце жанчыны пачынаюць разумець, што гэта дзікія ўмовы. У мяне адчуванне, што жанчын выкарыстоўваюць. У мяне асабіста было такое адчуванне пры тым, што я хацела дзіця. Я паўсюль чула «нараджай», гэтыя білборды і г. д., а калі радзіла, то адчула сябе вельмі ізаляванай у грамадстве.

Паўсюль твае дзеці ўсім перашкаджаюць, ты павінна іх адцягваць. Лепей сядзі дома, вандраваць таксама не трэба. Нават у кавярню не схадзіць. Я была ў шоку: я рэальна павінна некалькі гадоў цяпер дома сядзець?

Па-другое, гэта грошы. Гэтыя дэкрэтныя, гэта што ўвогуле? Настолькі мала, што ў любым выпадку становішся залежнай ад мужа. У нас не тая сітуацыя, калі людзі дамаўляюцца.

Таксама была матрыца, што я павінна выцягнуць усё сама. А зараз трэба яшчэ кожнай маме «шарыць» у псіхалогіі, медыцыне, ежы. А я не хачу так, я хачу прыйсці да спецыялісткі і каб мне патлумачылі.

Напрыканцы мінулага года выйшла метадычка, чаму жанчыны не нараджаюць, звяртае ўвагу журналістка Марыя Грыц.

— А дзе хоць што-небудзь напісанае, што могуць зрабіць мужчыны, каб дзяцей было болей? У мяне ўражанне, што ў Беларусі жанчына — гэта інкубатар. Чаму толькі што жанчыны не нараджаюць? А мужчына не пры чым ці што? — задаецца пытаннем Наста Базар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(9)