Мілінкевіч: «Лукашэнка некалькі разоў перайшоў чырвоную лінію і таму падае ў Расію без парашута»

Экс-кандыдат у прэзідэнты-2006, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай — пра тое, як трэба размаўляць з дыктатарамі і якім будзе пратэст беларусаў.

Аляксандр Мілінкевіч

— Асноўная памылка дэмакратычных сіл ва ўсіх краінах пераходнага перыяду — гэта тое, што яны не ўмеюць аб'ядноўвацца, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч на канале БЕЛСАТ NEWS. — Глядзіце, як зараз абʼядноўваюцца дыктатары. Асабліва гэта відаць падчас вайны.

Яны адзін другога могуць ненавідзець, але разам робяць сваю дыктатарскую справу. Дэмакраты значна горш абʼядноўваюцца.

Дваццаць-трыццаць гадоў таму дыктатараў было значна больш, але пра іх менш гаварылі, таму што гэты былі закрытыя краіны. А зараз вайна ўсё выявіла — украінцы раскрылі гэты свет дыктараў.

І гэта вельмі пазітыўна, таму што на Захадзе пачынаюць разумеюць, што дыпламатычнымі метадамі, як яны прызвычаіліся, з гэтай групай цяжка вырашыць сурʼёзныя пытанні.

Яны проста падмануць, адыдуць, абʼяднаюцца і ўдараць яшчэ раз. Банальна, але яны разумеюць толькі сілу.

З беларускім дыктатарам, упэўнены Мілінкевіч, таксама больш нельга размаўляць на дыпламатычнай мове.

— Лукашэнку не трэба лічыць «калхознічкам», які прарваўся да ўлады і нічога не ўмее. Ён не просты чалавек, мае прыродны талент папуліста. Ён відавочнае зло, але ж паспяховы палітык. За 30 гадоў Лукашэнка дамогся для сябе шмат з таго, што хацеў.

Не дай божа такіх палітыкаў у нашай далейшай гісторыі.

Сёння Лукашэнка слабы, ён доўгі час гуляў у гэтую гульню — то крыху з Захадам, то крыху з Расіяй, то Расію палохае Захадам, то Захад палохае Расіяй. І яму ўдавалася здымаць з Расіі вялікія грошы, але гэты час прайшоў.

Зараз я не ведаю, хто з заходніх палітыкаў захоча распачаць дыялог з Лукашэнкам, прыйдзе і пачне з ім гаварыць, бо ён некалькі разоў перайшоў чырвоную лінію. І таму падае ў Расію без парашута.

Нам гэта баліць, таму што мы не хочам страціць нашу Беларусь і ведаем, што пасля будзе цяжэй выбірацца. Незалежнасць можна страціць за адну ноч, таму яе трэба бараніць усімі намаганнямі.

А дэмакратыя, яна як па законах фізікі, усё роўна прыйдзе, — упэўнены палітык.

Ён працягвае разважаць пра адносіны з дыктатарамі, узгадваючы падзеі 2014 года.

— Калі я стаў адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл Беларусі, меў магчымасць дзесяць гадоў прымаць удзел у сустрэчах «без гальштукаў» лідараў Еўропы.

Я чуў, якімі аргументамі яны аперуюць, як яны разважаюць пра лёс Еўропы, пра лёс сваіх краін.

Магу шчыра сказаць, што Еўропа нясе вялікую адказнасць за тое, што не было адпаведнай рэакцыі на Крым, на Усходнюю Украіну. Яны ўсе баяліся вайны.

Тады лідарам Украіны казалі — толькі не страляйце, мы дапаможам. Я чуў гэтыя словы, не магу называць прозвішчы, але так было. І сёння працягваецца тое ж самае. Можа ўжо не ў той ступені.

І таму ўкраінскія палітыкі, якія былі ў той час, не аддавалі загад страляць у Крыме. А я лічу, што варта было абараняцца. І гэту памылку трэба падзяліць з абʼяднанай Еўропай.

Што тычыцца нас, то ў тыя часы, калі я прадстаўляў дэмакратычную Беларусь у Бруселі, заўсёды быў супраць эканамічных санкцый, але быў за персанальныя санкцыі. Многім мая пазіцыя не падабалася.

Сёння я не магу сказаць Еўропе, што не трэба санкцый. Тое, што я тады гаварыў, зараз, калі столькі людзей пакутуюць у турмах у невыносных умовах, сказаць будзе амаральна.

Але я таксама разумею, што ніколі ў Беларусі санкцыі не вызвалялі палітвязняў. Што вызваляла? Некалькі разоў Лукашэнка ўсіх адпускаў, калі пачынаўся дыялог (з Захадам) і ставілася перадумова: вызвалі палітвязняў, тады будзем размаўляць.

Сёння такі дыялог па вызваленні палітвязняў, які адбываўся раней, немагчымы. І санкцыі зараз не вызваляюць палітвязняў, а падрываюць беларускую незалежнасць. Мы ідзем вельмі небяспечным шляхам.

Можа, лёс Беларусі быў бы іншым, калі б Лукашэнка думаў пра тое, што пра яго напішуць у падручніках, па якіх будуць вучыцца яго ўнукі і праўнукі. Але ў яго няма такога гістарычнага мыслення.

Ён дайшоў да таго, што сорамна будзе насіць прозвішча «лукашэнка», і нашчадкам нават можа прыйдзецца зʼехаць з краіны.

Не думаю, што ў Беларусі пратэст будзе, як у палякаў, эканамічнага характару. У нас ён і не быў такім. Ніхто не казаў у 2020 годзе, павысьце нам зарплату.

І наступны пратэст таксама будзе рэвалюцыяй Годнасці. Таму што людзі хочуць самі выбіраць уладу, вызначаць лёс сваіх дзяцей. Па сутнасці, гэта і ёсць базавыя еўрапейскія каштоўнасці, — кажа Мілінкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(56)