Филин

Юлія Кот

Мажэйка: «300 год русіфікацыі — а беларуская мова нікуды не знікла. І зараз выстаіць»

Аналітык — пра тое, як далучэнне да Міжнароднай арганізацыі па рускай мове адаб’ецца на беларусах.

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект дамовы аб заснаванні ў СНД Міжнароднай арганізацыі па рускай мове. З ініцыятывай аб стварэнні такой структуры па падтрымцы і прасоўванні рускай мовы яшчэ летась выступіў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, а саму дамову плануецца падпісаць па выніках цяперашняга саміту СНД у Бішкеку.

Пры тым у Беларусі рускую мову, якая пасля ганебнага рэферэндума-1995 стала другой дзяржаўнай, мякка кажучы, не прыціскаюць. Колькасць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай, за апошнія два дзесяцігоддзі знізілася ўдвая — і цяпер іх усяго 10%,  прызнае міністр адукацыі РБ Андрэй Іванец. 

Навошта крок па далучэнні да Міжнароднай арганізацыі па рускай мове патрэбны беларускім уладам і як ён адаб’ецца на беларусах, Филин абмеркаваў з аналітыкам, рэдактарам «Беларускага штогодніка» Вадзімам Мажэйкам.

— Гэтая статыстыка, можа, нам з вамі здаецца катастрафічнай, — а Лукашэнка ніякай катастрофы ў ёй не бачыць, — зазначае суразмоўца. — І з палітычнага пункта гледжання ягоныя дзеянні выглядаюць цалкам лагічнымі.

Бо відавочна, што Маскву моцна хвалююць справы з рускай мовай навокал. Адпаведна, гэта можна ўспрымаць нават у пэўным сэнсе абаронай (мы ўсе чулі прэтэнзіі да Украіны па «ўціску» рускай мовы, і чым гэта скончылася): усе суседзі Расіі, якія не хочуць з Расіяй ваяваць, імкнуцца паказаць, што ў іх-то з рускай мовай усё нармальна, і не трэба да іх чапляцца.

Каларытнай дэталлю Вадзім Мажэйка называе той факт, што ініцыятыва зыходзіла ад Казахстана, бо ў гэтай краіны таксама напружаная сітуацыя ва ўкраінскім кантэксце.

— А для Лукашэнкі гэтае рашэнне прыняць досыць лёгка, бо яму не трэба прыкладаць ніякіх асаблівых намаганняў, каб прадэманстраваць, што ўсё добра з распаўсюдам рускай мовы — так яно і ёсць.

Чым больш будзе такіх ініцыятываў, тым больш Лукашэнка будзе паказваць суцэльныя поспехі ў гэтым кірунку, на радасць Маскве. Пры гэтым выдаткі — нуль, палітычных мінусаў для яго — нуль, а ўдзячнасць Масквы будзе. То чаму б і не? Цалкам лагічна, что беларускі рэжым у гэтым удзельнічае.

— На вашу думку, як такое рашэнне адаб’ецца на беларусах? І так многія школьнікі расказваюць, што яны вучаць (і ўспрымаюць) беларускую, як замежную, мала што разумеючы.

— На маю думку, удзел дзяржавы ў такіх ініцыятывах аніяк не адаб’ецца на саміх беларусах. Бо калі гаварыць пра русіфікацыю — так яна 300 год таму пачалася і працягваецца цалкам паспяхова.

Таму, насамрэч, каб лічыць, што гэты фармалізм, палітычны ўдзел у праграме дацісне апошнюю беларушчыну — ды не. Па шчырасці, гэта ні на што не паўплывае. Калі б, скажам, не ўзяла ўдзел Беларусь у гэтай структуры — хіба ад гэтага вырасла б колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы ў школах? Не, вядома.

Таму ўся гэта праграма — цалкам «птушачка» для Масквы, каб Лукашэнка выглядаў у вачох Крамля лепей і мог справаздачыцца аб сваіх поспехах. Глабальна ж нічога не зменіцца.

Што да статыстыкі аб колькасці школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай, яе эксперт лічыць досыць маніпулятыўнай:

— Яшчэ з савецкіх часоў традыцыйна як беларускамоўныя былі запісаныя вясковыя школы, пры тым што вельмі сумнеўна, наколькі яны насамрэч беларускамоўныя, а наколькі выкладанне ідзе на трасянцы.

І штогадовае змяншэнне колькасці беларускамоўных школ адлюстроўвае той просты факт, што змяншаецца колькасць школ на вёсцы, павялічваецца — у гарадах, як увогуле і колькасць насельніцтва. І гэты працэс будзе працягвацца, таму статыстычна колькасць беларускамоўных школ будзе зніжацца і далей, нават калі на практыцы мала што зменіцца.

Але ж захаванне мовы, як і наогул беларушчыны, ад падобных праграм не залежыць, падкрэслівае Вадзім Мажэйка.

— У прынцыпе, гэты штуршок — у няправільны бок, але, як мне падаецца, ён не глабальны і нейкіх жудасных наступстваў не нясе. Паглядзім, канешне, як гэты ўдзел будзе ўвасабляцца на практыцы: на месцах звычайна адбываецца вельмі па-рознаму і залежыць ад канкрэтных асобаў.

У грамадскай прасторы, зразумела, улады знішчылі ўсё, што маглі. Але тое, што ліквідавалі Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, гэта ж не таму, што нешта супраць беларускай мовы шукалі, а проста таму, што зачысцілі ўвесь грамадскі сектар. Аднак беларушчына — прарвецца.

Бо, зноў нагадаем, 300 год русіфікацыі — а беларуская мова нікуды не знікла. То бок, усё не так добра, як хацелася б, але і немагчыма сказаць, што праз год-другі мова знікне. Зусім не.

І больш жорсткія часы былі, і спраўляліся. І зараз беларуская мова выстаіць, куды ж без гэтага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)