Латушка: «Гэта будзе адзін дзень прызначэння дэпутатаў усіх узроўняў»

Прадстаўнік АПК і кіраўнік НАУ — пра тое, чаму не варта разлічваць на адлігу ў стасунках беларускага рэжыму з Захадам.

— Маючыя адбыцца ў Беларусі выбары не будуць прызнаныя, я ў гэтым упэўнены, — заявіў Павел Латушка ў эфіры 6TV Biełaruś. — Зараз ідуць камунікацыі з міністэрствамі розных краін.  

Абсалютна ўсе згодныя, што гэта нельга называць выбарамі, гэта адзін дзень прызначэння дэпутатаў усіх узроўняў. І прызначаць іх будзе Лукашэнка і яго старшыні аблвыканкамаў.

Па словах палітыка, зразумела і тое, што такія вынікі не прывядуць да адлігі ў стасунках беларускага рэжыму з Захадам.

— Не варта на гэта разлічваць. Мы бачым усю камунікацыю з еўрапейскімі партнёрамі. Няма прыкметаў таго, што ЗША ці Еўрапейскі саюз будуць мяняць палітыку ў дачыненні да беларускага рэжыму, бо яна абумоўлена вельмі канкрэтнымі крокамі з боку Лукашэнкі.

Ён павінен вызваліць палітзняволеных, спыніць рэпрэсіі і, як сказаў камісар па пытаннях знешняй палітыкі Еўрапейскай камісіі Жозеп Барэль, павінны адбыцца дэмакратычныя выбары. Пакуль яны не адбудуцца, санкцыі будуць прымяняцца, — падкрэсліў Латушка.

На яго думку, закладнікам стасункаў афіцыйнага Мінску з Еўразвязам стаў і Кітай, які нядаўна мог нагадаць аб гэтым беларускаму правіцелю.

— Што тычыцца нядаўняга візіту Лукашэнкі ў Кітай, думаю, галоўнай мэтай было паспрабаваць вытлумачыць яму тыя праблемы, якія ўзніклі на мяжы Беларусі з Еўрапейскім саюзам, тыя перашкоды, якія ён стварае сваімі дзеяннямі для нармальнага транзіту кітайскіх тавараў.

Напрыклад, толькі з Нямеччынай у іх гандлёвы абарот 300 мільярдаў еўра ў год. Можаце сабе ўявіць, што адбудзецца, калі дзеянні Лукашэнкі, звязаныя з нелегальнай міграцыяй, тым, што ён выкарыстоўвае як зброю людзей, запрашаючы іх у Беларусь з 2021 года, прывядуць да закрыцця памежных пераходаў, напрыклад, чыгуначных?

Якія страты панясе ад гэтага Кітай? І ён, дарэчы, на гэта ўжо адрэагаваў. Лукашэнку не запрасілі на саміт «Адзін пояс — адзін пуць».

Ён як бы такі дрэнны вучань сядзеў у кутку, пакуль усе дзеткі сабраліся, танчылі. Яго паклікалі ўжо пазней, калі «утренник» скончыўся, і спыталі, ці выканаў ён дамашняе заданне.

А дамашняе заданне для яго, першае, гэта спыніць вайну нелегальнымі мігрантамі супраць ЕС, каб не стварыць рызыку закрыцця памежных пераходаў.

Другая праблема, якую ён зрабіў, і гэта не адпавядае інтарэсам Кітая, — запрасіў расійскую тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі, нават хваліўся тым, што можа ёй кіраваць.

Але зараз ён маўчыць. Памятаеце, як ён крычаў, што гэта будзе «мая зброя», «я» буду прымаць рашэнне, «мы» будзем. А зараз няма ні «я», не «мы», гэта хутчэй ужо «расійская зброя», бо яму далі па языку, і вельмі моцна далі менавіта кітайцы.

Таму апошні візіт не быў пампезным, як тое падавала прапаганда, а быў вельмі сціплым. Там, думаю, Лукашэнка тлумачыўся, абскарджваў Пуціна, фактычна паўтараў усе тыя наратывы, якія мы чулі ад яго публічна.

Што гэта Захад запрасіў нелегальных мігрантаў, тыя ідуць праз Расію, а з Расіяй яны саюзнікі, мяжу закрыць немагчыма — зразумейце і толькі не карайце, бо Кітай наш стратэгічны партнёр.

Думаю вось так спрошчана можна распавесці, што казаў Лукашэнка падчас сустрэчы з Сі, — адзначыў Латушка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(19)