Филин

Юлія Кот

Красулін: «Не будзем крыўдзіць рэжым Лукашэнкі — ён пачаў гэта першым»

У 1990-х абвесціў, што «ўсё вернем узад», і паспяхова гэтым займаецца. Гісторык Яўген Красулін — пра тое, наколькі глыбока «савок» сядзіць у жыцці грамадзян постсавецкіх краін, і як яго перамагчы.

У Арменіі Мінабароны прапануе ў межах рэформы ўзброеных сіл адмовіцца ад вітальнага воклічу «ўра», які застаўся з савецкіх часоў, і замяніць яго на армянскае «Кецце!» — «Няхай жыве!». А ў Літве хочуць адмовіцца ад дарожных знакаў савецкага ўзору і наблізіць выявы да іншых краін ЕС.

А вось у Беларусі, наадварот, на дзяржаўным узроўні выкарыстоўваецца настальгія па савецкім часе і эксплуатуюцца наратывы аб велічы СССР. Паводле даследавання мемаратыўнага ландшафту, якое ладзіў летась інстытут «Палітычная сфера», дагэтуль у кожным абласным цэнтры нашай краіны стаіць помнік Леніну (а дзе-нідзе і некалькі), затое, за выключэннем сталіцы, у абласных цэнтрах няма ніводнага помніка Францыску Скарыну ці Якубу Коласу.

Аднак калі савецкія помнікі навідавоку, і любыя дзеянні з імі прапаганда называе «скажэннем гістарычнай праўды», то іншыя моманты, кшталту армейскага статуту, дарожных знакаў, школьных праграм выклікаюць у постсавецкіх краінах вялікія дыскусіі: ці патрэбная такая барацьба з каланіяльным мінулым, ці гэта штучны пошук праблем там, дзе іх няма?

Пра тое, наколькі глыбока і незаўважна «савок» сядзіць у тым ліку ў беларусах, і колькі часу і высілкаў трэба, каб яго перамагчы, Филин пагутарыў з гісторыкам Яўгенам Красуліным.

«Гістарычная праўда» — гэты тэрмін гучыць, як аксюмарон»

— Насамрэч, калі паглядзець на нашае жыццё, мы ўвесь час сутыкаемся з праблемамі успрымання мінулага, — зазначае навуковец. — Старэйшае пакаленне памятае, як называлі вуліцы і прадпрыемствы імёнамі герояў вайны, рэвалюцыі, прычым цяпер мы глядзім на гэтыя імёны і бачым забойцаў, тэрарыстаў, і здзіўляемся: навошта было імёны такіх людзей надаваць гэтым аб’ектам?

І гэтая тэма закранае не толькі нашу краіну, Літву, Арменію. Найбольш яскравы прыклад на сёння — гэта Украіна.Там спачатку быў «ленінапад», а цяпер ідзе маштабная вайна з усімі праявамі, як яны лічаць, каланіяльнага мінулага. Вынішчаюцца помнікі Пушкіну і іншым пісьменнікам, нават Булгакаў, які звязаны з Кіевам і які, як лічаць многія, заслугоўвае павагі з боку ўкраінцаў, церпіць ад гэтага.

Што цікава, такая ж сітуацыя месцамі назіраецца і на Захадзе, дзе колішнім рабаўладальнікам, каланізатарам, якія, з пункту гледжання некаторых сучаснікаў, у ранейшую эпоху паводзілі сябе неадэкватна, непрымальна з цяперашняга пункту гледжання, таксама патрабуюць прыбраць помнікі, знішчаюць партрэты і г.д.

— Прытым гучаць жа выбачэнні за паводзіны папярэднікаў — напрыклад, перад карэннымі народамі ў Канадзе. І толькі ў нашых шыротах спробы пераасэнсаваць мінулае называюцца «скажэннем гістарычнай праўды».

— Дарэчы, вельмі цікавы тэрмін «гістарычная праўда» — для мяне як для гісторыка гэта гучыць як аксюмарон. Канешне, ёсць гістарычныя веды, якія адпавядаюць таму, што адбывалася, але насамрэч мы пакуль не маем інструментаў, якія маглі б даць нам абсалютную праўду пра мінулае.

Ёсць навуковыя даследаванні, якія даюць пэўныя веды — але гэтыя веды могуць быць адрынутыя цягам іншых, наступных навуковых даследаванняў. Зноўку, да гэтага трэба ставіцца спакойна — калі гаворка ідзе пра гісторыю.

Калі ж гаварыць пра памяць, тут усё значна горай. Памяць у нас выкарыстоўваецца для таго, каб не проста ведаць мінулае, а праз яго фарміраваць нашу цяперашнюю карціну свету і, уласна кажучы, маніпуляваць намі праз гэту карціну свету.

Яўген Красулін параўноўвае гістарычныя форумы, што існуюць у краінах, якія раней уваходзілі ў Савецкі Саюз, і ў краінах Захаду. У першым выпадку гэтым форумам  уласцівыя вельмі жорсткія спрэчкі і вельмі пільная ўвага да мінулага. Прычым скіравана гэта ўсё не на навуковыя факты, а на гарачыя спрэчкі і высвятленні: хто ў мінулым былі «героямі», а хто — «здраднікамі».

На заходніх жа форумах, гаворыць гісторык, нават гарачыя спрэчкі і лаянкі пра мінулае не прэтэндуюць на цяперашняе ўспрыманне, не ўплываюць на сучаснасць і наша ўспрыманне саміх сябе.

«Лукашэнка яшчэ ў 1990-х абвесціў, што «ўсё вернем узад», і паспяхова гэтым займаецца»

— Мы шукаем ідэнтычнасць у мінулым, і гэтая ідэнтычнасць фармуецца нашым памкненнем належаць да чагосьці моцнага, ці чагосьці свайго (і хочацца, вядома ж, каб і сваё было моцным, каб героі, якія ёсць у мінулым, дапамаглі нам пачувацца лепей ужо ў наш час), — зазначае гісторык. — Лепш за ўсё гэта бачна на прыкладзе расейцаў. Яны абсалютна пагорнутыя на сваё мінулае, пагорнуты назад.

Калі казаць пра Расею, дый пра нас, мы мала зважаем на будучыню, чамусьці больш заклапочаныя сваім мінулым, і шукаем у ім, на што б абаперціся.

Расея ж не проста сканцэнтравала ўвагу на мінулым — яна будуе мінулае. Хоць, зноўку, не будзем крыўдзіць рэжым Лукашэнкі — ён пачаў гэта першым, калі яшчэ ў 1990-х абвесціў, што «ўсё вернем узад» і паспяхова гэтым займаецца.

Расея таксама пад гэта падладзілася, і недзе з мяжы 2000-2010 гадоў пачала актыўна будаваць мінулае.

Калі ж мы паглядзім на ініцыятывы ў Літве, у Арменіі, пра якія вы згадалі — гэта процілеглы трэнд, спроба адарвацца ад мінулага і ад той эпохі, якую нашы сучаснікі ў гэтых краінах лічаць чымсьці не тое што ганебным, але — скажам так, шкодным якраз для пабудовы будучыні. І тут ёсць рацыя.

Параўнайма наратывы, якія існуюць наконт Савецкага Саюза, наогул савецкіх часоў. Гадкоў дзесяць таму  з жахам пачаў заўважаць у нашых студэнтаў замілаванне савецкім часам.

«Трэба глядзець у будучыню, а не ў мінулае. А яго пакінем навукоўцам»

— Па сутнасці, гэта і адбываецца ў Беларусі. У нашых абласных цэнтрах дагэтуль стаяць помнікі Леніну, мы маем звыш 700 вуліц Леніна, Ульянаўскіх і г.д. Што засмучае. «Савок» сядзіць у нас глыбей, чым у суседзяў, ці ўсё ж такі гэта наноснае?

Заслаўе. Красавiк-2024

— У нас, мяркую, сітуацыя неадназначная. Тое, што захаваўся паўсюдны «савок» у помніках, але бракуе помнікаў беларускім дзеячам гісторыі, культуры — гэта якраз вынік той палітыкі, якую прыняў ад пачатку беларускі рэжым.

І калі армяне хочуць замяніць вокліч з расейска-савецкага на штосьці сваё, то ў нас нават захавалі ад савецкага часу нумары вайсковых частак! І тое выразна паказвае, па-першае, да чаго імкнецца рэжым, якая ягоная мэта — пабудаваць мінулае, а па-другое, яго памкненне сфармаваць пэўную ідэнтычнасць у людзей.

Бо ідэнтычнасць фармуецца не толькі праз тэксты, перадачы, але і асяродкам жыцця. Ідзеш ты, напрыклад, па вуліцы Энгельса ці па вуліцы Францішканскай, бачыш залаты цыбулінкі псеўдарускіх цэркавак ці віленскае барока — ты розны чалавек пры гэтым.

Таму памкненне літоўцаў замяніць старыя дарожныя знакі савецкага ўзору на нешта новае — абсалютна лагічнае жаданне стварыць асяроддзе для фармавання новай ідэнтычнасці. Я мала звяртаю ўвагу на дарожныя знакі, але калі падарожнічаў на машыне па замежжы — нейкія нюансы адзначаў для сябе.

Замена знакаў — можа, гэта не столькі для людзей, якія жывуць у Літве, колькі для падарожнікаў. Скажам, каб тыя, хто ўязджае з боку Расеі, не ўспрымаў гэту тэрыторыю «амаль сваёй», і тады істотна гэта маніфестацыя: не, даражэнькія, ваша радзіма там засталася, а тут усё іншае. І гэта лагічны, разумны крок на шляху ў будучыню, да пабудовы сваёй незалежнай дзяржавы.

Калі ў Беларусі застаюцца савецкія назвы, помнікі, — гэта як запаведнік для ўсходніх суседзяў, яны прыязджаюць і кажуць потым: якая ж Беларусь замежжа, гэта ж усё наша, роднае, цёплае і лямпавае.

— «Так душэўна, па-дамашняму, наогул з’язджаць не хочацца»?..

— Менавіта. І гэта ж не жарты, гэта застаецца не толькі на ўзроўні размоў, але ўплывае ў тым ліку на нашае ўспрыяцце сябе саміх і ўспрыняцце іншымі нас.

Вельмі цяжка пераламіць наратыў, што беларусы — тыя ж расейцы. Калі б у нас былі зменена тапаніміка, калі б былі нашыя помнікі, нашыя нумары вайсковых частак, наш баявы вокліч «Рубон!», як прапаноўвалася ў 90-х гадох, было б прасцей патлумачыць тым жа замежным партнэрам, чаму Беларусь мусіць разглядацца асобна ад Расеі.

А калі ў самой Беларусі ўтвараецца асяродак, які проста крычыць, што мы — частка Расеі, з гэтым крыкам змагацца складана. Таму Арменія і Літва ўказваюць слушны шлях у нашай сітуацыі.

— То-бок, варта па кроплі выціскаць з сябе «савок»?

— Асабіста я выціснуў бы яго моцным націскам, насамрэч. Але разумею, нават гледзячы на тых жа літоўцаў пенсійнага ўзросту, што многія людзі сталага веку яшчэ жывуць у тым часе, у савецкіх фільмах, і нельга іх пазбаўляць гэтага адразу. Трэба, каб прайшоў час.  І сам любіў глядзець тую ж «Іронію лёсу…», — а з 2022 году адрэзала ўсё, нават жадання няма ў той бок глядзець.

Аднак дапускаю, што ёсць нямала людзей, для каго адрынуць усё гэта ў адзін момант будзе траўматычна. Таму, мабыць, варта выціскаць «савок» не аднаразовым націскам, але і не па кроплі — пэўна, струйкай, каб мінулае ад нас сыходзіла і мы пачалі глядзець у будучыню.

Тут я звярнуў бы ўвагу на зацятыя спрэчкі наконт гісторыі, Вялікага княства Літоўскага і ролі розных народаў у ім. На мой погляд — спакайней варта, спакайней. Размаўляю з літоўцамі на гэтую тэму, і нас аб’ядноўвае ідэя, што трэба глядзець у будучыню, а не ў мінулае. А мінулае пакінем навукоўцам і будзем з цікаўнасцю чытаць іхнія даследаванні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)