Филин

Юлія Кот

«Клопатам пра жанчын, іх падтрымкай тут і блізка не пахне»

Гендарная экспертка — пра тое, як улады імітуюць увагу да беларусак і ствараюць псеўдаграмадзянскую супольнасць.

У Беларусі, падобна, усё ж з’явіцца выключна жаночая паляўнічая арганізацыя. Прынамсі экс-міністр МУС Ігар Шуневіч, які пасля адстаўкі кіруе Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, заявіў, што лічыць стварэнне такога клуба неабходным, і нават агучыў імаверную назву — «Белка» (па-руску) альбо «Вавёрка».

— Гэта будзе клуб пры БТПР, які аб’ядноўвае не толькі жанчын, хто ўжо адбыўся як вопытныя паляўнічыя (а такіх у нас нямала), але дзяўчат і нават дзяўчынак, якія толькі збіраюцца стаць натуралістамі-прыродакарыстальнікамі, — гаворыцца ў звароце Шуневіча на сайце таварыства паляўнічых.

Таксама паведамляецца, што БТПР гатовае выступіць арганізатарам і часткова спонсарам жаночага клуба, даць памяшканне.

Даведка

Паводле слоў кіраўніка УП «Белдзяржпаляванне» Вадзіма Круцько, у Беларусі на сёння каля 1,2 тысяч жанчын-паляўнічых, «і гэтая лічба расце». Пры гэтым агулам у Беларусі прыкладна 94 тысячы паляўнічых (звесткі на люты 2023 года).

Гэта параўнальна з лічбамі ў суседніх краінах: у Латвіі і Літве каля 1-1,5% паляўнічых-жанчын, у Эстоніі — крыху больш як 3% ад агульнай колькасці.

Многіх здзівіла меркаваная назва. Вавёрка — аб’ект палявання, але не драпежнік, таму выглядае, быццам Шуневіч прапануе стварыць клуб дзічыны, а не паляўнічых (параўнайце з найменнямі мужчынскіх айчынных клубаў: «Сафары», «Артхант», «Сезон палявання»). Але нават калі не зважаць на неймінг, пытанні застаюцца.

Рэч у тым, што паводле статута БТПР, нішто і зараз не перашкаджае жанчынам уваходзіць у яе (патрэбныя толькі пашпарт, 2 фота і ўступны ўнёсак). Больш за тое, у таварыства цяпер з дазволу бацькоў могуць уступаць нават дзеці, як хлопчыкі, так і дзяўчаты, ва ўзросце ад 8 гадоў.

Але Шуневіч не першы год чамусьці настойвае на асобным жаночым клубе, хоць ягоныя абгрунтаванні гендарнага падзелу, маўляў, «мы розныя, і гэта відавочна, ёсць тэмы, якія будуць цікавыя толькі жанчынам», — не выглядаюць пераканаўчымі.

Тады чаму гэта патрэбна экс-міністру, які яшчэ ў сваю бытнасць на пасадзе «праславіўся» шматлікімі гамафобнымі і сэксісцкімі выказваннямі, — і наогул беларускім уладам?

— Калі аб стварэнні жаночай арганізацыі абвяшчае мужчына, які да таго ж мае ўладу, гэта сведчыць аб тым, што ў яго ёсць нейкі інтарэс, але гэта дакладна не патрэбы жанчыны, — каментуе Филину гэтую ініцыятыву сузаснавальніца Фемгрупы КР, гендарная экспертка і грамадзянская актывістка Юлія Міцкевіч. — Інакш яны самі маглі б авясціць аб стварэнні такой арганізацыі, патлумачыць, навошта яна патрэбная — і гэта было б цалкам лагічна.

Юлія Міцкевіч

Сутнасць у тым, падкрэслівае экспертка, што жаночыя арганзацыі, якія б мэты яны ні мелі і на які б запыт ні адказвалі, звычайна ствараюць жанчыны.

— Іншая справа — калі пра гэта гаворыць Ігар Шуневіч, які ўзначальваў 7 год МУС (а да таго 5 год працаваў працаваў у КДБ). Пры ім прававое бязладдзе, што дазвалялі сабе супрацоўнікі сілавых ведамстваў у адносінах да людзей розных сацыяльных груп, дасягнула небывалага піку. Сёння падобнае беззаконне, на жаль, успрымаецца як норма, але раней усё ж выклікала рэзананс.

читайте также

Па гэтых фактах можна зразумець вобраз мыслення Шуневіча і як ён уяўляў сабе ролю і задачы міністэрства, якое ўзначальваў. Відавочна, што чалавек з падобным паслужным спісам, які абвяшчае аб стварэнні жаночага паляўнічага клуба ў Беларусі, таксама пераследуе нейкія свае мэты, — зазначае актывістка.

— Ёсць меркаванне, што беларускі рэжым усялякімі спосабамі імкнецца паўплываць на жанчын, у тым ліку праз «мяккую сілу»: больш спікерак-жанчын, больш «жаночых» тэм у медыя, каб беларускі былі больш лаяльнымі да ўлады. Ці магчыма, што стварэнне паляўнічага клуба тлумачыцца гэтымі ж мэтамі?

— Безумоўна, у гэтым ёсць палітычны запыт, а магчыма, і бізнес-інтарэс. Не выключаю і жадання ўплываць на жанчын і дэманстраваць, што для іх у гэтай краіне ўсё яшчэ нешта робіцца.

Шуневіч — чалавек, які аддана служыць рэжыму і асабіста Лукашэнку. Магчыма, для яго гэта і яшчэ адзін спосаб выслужыцца, бо пасля ягонай адстаўкі ў 2019 годзе ўзначаліць Таварыства паляўнічых — істотнае паніжэнне ў параўнанні з міністэрскай пасадай, і калі ёсць магчымасць такім чынам выслужыцца, прыцягнуць да сябе ўвагу і пайсці на павышэнне — чаму не?

Навіну пра «Белку/Вавёрку» многія заўважылі яшчэ і таму, лічыць Юлія Міцкевіч, што для жанчын у цяперашняй Беларусі не так шмат робіцца, як хацелася б паказаць уладам — «нічога новага і добрага не ствараецца, пазітыўнай павесткі няма, толькі рэпрэсіўная».

— Магчыма, таму на гэтым фоне навіна і «стрэліла» — маўляў, вось ёсць і нешта добрае для жанчын. Бо ў асноўным мы бачым трэнд на традыцыйныя каштоўнасці, рэжым усяляк транслюе сваё ўяўленне пра ролю жанчын і ролю мужчын, і гэтае ўяўленне вельмі вузкае, гендарна абмежаванае.

Таму я не выключаю, што і новае аб’яднанне будзе выкарыстоўвацца як ідэалагічны інструмент для прамывання мазгоў, дзе жанчынм, зноў жа, будуць расказваць пра традыцыйныя каштоўнасці, неабходнасць нараджэаць больш дзяцей, ладзіць прапагандысцкія мерапрыемствы ў рэчышчы агульнай павесткі рэжыма Лукашэнкі.

У любым выпадку, якая б мэта не агучвалася афіцыйна — гэта дакладна не робіцца для жанчын як сацыяльнай групы, для паляпшэння іх жыцця, задавальнення іх інтарэсаў і запытаў.

Затое, дадае экспертка, асобны жаночы паляўнічы клуб дазваляе імітаваць грамадскую дзейнасць:

— Цяпер мы бачым, як у Беларусі ствараюцца «грамадскія арганізацыі», якія насамрэч такімі не з’яўляюцца. Бо НКА любога кшталту, жаночыя ці экалагічныя, праваабароныя і г.д., ствараюць самі людзі, каб абараняць і прасоўваць свае інтарэсы ў пэўнай галіне.

Але ў РБ, і гэта адзначаюць праваабаронцы, якія даследуюць стан грамадзянскай супольнасці, працягваецца імітацыя супольнасці — з’яўляюцца і будуць з’яўляцца ўсё больш так званых ГОНГО («государством организованные негосударственные организации», намінальна няўрадавыя, якія насамрэч працуюць у інтарэсах дзяржавы — Ф.).

У аўтарытарных і таталітарных рэжымах падобныя ўтварэнні найчасцей маюць месца, і акрамя ідэалагічнай павесткі, прасоўвання прапагандысцкіх наратываў, тут ёсць і відавочны эканамічны інтарэс.

То бок, наўрад ці «жаночая» арганізацыя, якую стварае Шуневіч, будзе мець такія ж уліванні з бюджэту, як мае БРСМ — аднак пэўную частку пірага яны сабе могуць забраць. Як размяркуюць яго ўнутры, іншае пытанне, але дакладна найбольшую выгаду атрымаюць не жанчыны.

Беларускія жанчыны і нібыта іхнія інтарэсы ў дадзеным выпадку — проста шырма, гаворыць Юлія Міцкевіч, «жаночая тэма» выкарыстоўваецца як інструмент для дасягнення палітычных, ідэалагічных, бізнес-мэтаў.

— Але клопатам пра жанчын, іх падтрымкай тут і блізка не пахне, — рэзюмуе актывістка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)