Кавалеўскі: «Калі мы будзем дзейнічаць разам з Украінай, у нас можа атрымацца значна больш»

Прадстаўнік АПК па замежных справах — пра адносіны з Украінай і пашырэнне геаграфіі супрацоўніцтва.

— Галоўны мэсэдж, з якім мы прыехалі ва Ўкраіну, – гэта тое, што Беларусь і Ўкраіна на сённяшні дзень з'яўляюцца абʼектамі агрэсіі з боку Расіі, — адзначыў Валер Кавалеўскі на Еўрарадыё падчас свайго візіту ў Кіеў. — Розныя метады, мэты — адны.

Так, супраць Украіны ўжываецца зброя, супраць Беларусі ўжываецца карумпаваны нелегітымны чалавек, які ўчапіўся за ўладу і не хоча яе аддаваць і гатовы аддаць саму краіну за тое, каб заставацца ў гэтай уладзе.

Але мэта Расіі і ва Ўкраіне, і ў Беларусі — гэта знішчэнне дзяржавы, знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, падпарадкаванне краін, іх каланізацыя для таго, каб пашыраць сваю сферу гаспадарання, нават не ўплыву.

Таму, паколькі ў нас ёсць агульны вораг, агульная мэта абараніць сваю незалежнасць, аднавіць свабоду ў сваіх краінах і тэрытарыяльную цэласнасць, то проста па вызначэнні мы павінны быць разам. Нам трэба дзейнічаць разам.

Валер Кавалеўскі

Мы хочам жыць у вольных дэмакратычных дзяржавах. І калі мы будзем дзейнічаць разам, у нас можа атрымацца значна больш.

Мы вельмі блізкія народы — і па гістарычным досведзе, і па нашых задачах на сённяшні дзень.

Ёсць патэнцыял беларускага грамадства, які мог бы быць больш актыўным у падтрымцы Ўкраіны. І, наадварот, Украіна магла бы зрабіць значна больш для таго, каб наладжваць палітычныя адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Гэта надасць нам значна больш дынамікі, і мы зможам разам рабіць больш — і ў палітычнай сферы, і ў інфармацыйнай, і ў ваенна-палітычным будаўніцтве.

Прадстаўнік АПК па замежных справах распавёў таксама пра тое, як дэмакратычныя сілы спрабуюць наладжваць адносіны з іншымі краінамі.

— Было вельмі шмат спробаў усталяваць кантакты і з Кітаем, і з Турцыяй. З Турцыяй мы ўвогуле вельмі часта перасякаемся на розных агульных мерапрыемствах. Ёсць магчымасці сустрэцца, але няма волі з таго боку.

Сапраўды хацелася б, каб мы пашыралі геаграфію нашага палітычнага дыялогу і праз гэта ўплыву на рашэнне іншых краін, але ёсць пэўныя абмежаванні. І рэсурсныя, будзем шчырымі: у нас недастаткова людзей, каб весці працу па ўсім зямным шары.

Ёсць і палітычныя меркаванні таксама. Напрыклад, Бразілія зацікаўлена ў адносінах з рэжымам Лукашэнкі, таму што яны купляюць вельмі шмат калійных угнаенняў у Беларусі.

Ці другі прыклад — адна з азіяцкіх краін, якая вельмі добра ставіцца да нас. Але яны не хацелі б нейкіх наступстваў для людзей, якія могуць ад гэтага пацярпець, бо ў іх сапраўды ёсць ужо такая ўразлівасць, створаная пасля 2020 года, і яны ўстрымліваюцца ад таго, каб ісці далей.

Ёсць розныя прычыны. Калі б у нас было паўнавартаснае прызнанне, то такіх пытанняў было б значна менш. І тым не менш, нават у гэтых даволі сціплых умовах у нас атрымліваецца ўсталёўваць кантакты.

Вось зараз будзе паездка на Генеральную Асамблею ААН, гэта ўжо будзе другі раз, як Святлана Ціханоўская будзе там удзельнічаць. І мы працуем над арганізацыяй сустрэч на самым высокім узроўні з прадстаўнікамі розных краін.

І тут будзе прыярытэт у тым, каб пашыраць нашу геаграфію на краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Паўднева-Усходняй Азіі.

Чаму для нас гэта важна? Гэта вельмі рацыянальны падыход, таму што ў Беларусі вельмі складаная ваенна-палітычная абстаноўка: краіна сёння знаходзіцца пад пагрозай страты незалежнасці, суверэнітэт вельмі хутка размываецца ў выніку дзеянняў Расіі.

А менавіта пытанні міру і бяспекі належаць ААН і месца абмеркавання гэтага менавіта ў ААН, — падкрэсліў Кавалеўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)