Гурневіч: «Дурні, дык гэта ўрад Галоўчанкі ўвёў санкцыі супраць умоўнага пармезана, а не пармезан супраць Беларусі»

Журналіст тлумачыць, чаму ў еўрапейскіх крамах можна набыць беларускія прадукты, а вось наадварот — не заўсёды. І пры чым тут санкцыі.

— Ня толькі турысты з Расеі і ябацькі ганарацца поўнымі паліцамі ў менскіх крамах «нягледзячы на санкцыі». І ад разумных людзей чую: во, Захад уводзіць санкцыі, а ў нас усё роўна ўсё прадаецца? — піша журналіст Радыё Свабода Дзмітрый Гурневіч. — Няма тыдня, каб я не пачуў і здзіўленне ад беларусаў па-за Беларусю: ого, беларускія прадукты можна купіць і на Захадзе, вось табе і санкцыі. Тут трэба патлумачыць.

Дзмітрый Гурневіч

Захад не ўводзіў ніякага гандлёвага эмбарга супраць Беларусі. Ніхто ані ў Вашынгтоне, ані ў Бруселі, не забараняў экспарт у Беларусь прадуктаў харчавання, ані іх імпарт з Беларусі.

Гэта ўрад Беларусі ў 2021 годзе забараніў ўвоз прадукцыі з «недружалюбных» краінаў. Яшчэ раз: гэта ўрад Беларусі забараніў імпарт у краіну рознага мяса, каўбасаў, мукі, гародніны садавіны арэхаў, малочных вырабаў і процьмы іншага ад заходніх вытворцаў. (Праўда, улетку частку абмежаванняў знялі, бо зразумелі ўсю тупасць свайго рашэння).

Захад не забараняў Беларусі пастаўляць прадукты харчавання на свае рынкі. Напрыклад, толькі за два першыя месяцы гэтага года Польшча купіла ў Беларусі гатовых харчовых прадуктаў на амаль $7 млн (рост больш як на траціну ў параўнанні з мінулым годам). Да слова, гэта ў чатыры разы больш, чым беларускі экспарт у Нікарагуа, які мае стаць «брамай у Лацінскую Амерыку». 

Яшчэ адна лічба. У лютым Міністэртва сельскай гаспадаркі хвалілася, што пастаўкі прадуктаў харачавання ў ЕС выраслі ў 1,5 раза. Адчуваеце сітуацыю? Беларусь прадае ў ЕС свае прадукты. Сёння я набыў у Празе бутэлечку «Лідскага», бо НІХТО не забараняў яго ўвозіць.

Але купляць шмат якія харчовыя прадукты ў Еўразвязе ўрад Беларусі забараняе. І пры гэтым прапаганда хваліцца, што ў Еўропы не атрымаецца замарыць беларусаў голадам, маўляў, і ў Беларусі навучыліся рабіць пармезан.

Задушыцеся санкцымі, маўляў. Дурні, дык гэта ўрад Галоўчанкі ўвёў санкцыі супраць умоўнага пармезана, а не пармезан супраць Беларусі.  

Дык якія санкцыі ўводзіў тады Захад?

Еўразвяз адмовіўся ад паставак з Беларусі асобных нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, шын, лесаматэрыялаў, чорных металаў, цэментнай прадукцыі.

У Беларусь Еўразвяз адмовіўся пастаўляць рознае абсталяванне, машыны і механізмы, некаторыя тавары для вытворчасці тытунёвых вырабаў, тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння, тавараў, якія садзейнічаюць удасканаленню ваенна-тэхнічнага, абароннага сектараў і сектара бяспекі.

Персанальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму і іх набліжаных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)