Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «На Бліжнім Усходзе ў сферы гандлю з Беларуссю Турцыя ў параўнанні з іншымі краінамі — Манблан і пагоркі»

Палітычны аглядальнік — пра перспектывы турэцкага вектара знешняй палітыкі Мінска.

Турцыя пацвердзіла гатоўнасць садзейнічаць Мінску ў зняцці абмежаванняў на экспарт калійных угнаенняў, заявіў кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік. Ён дадаў, што на сённяшні дзень 80% патрэб Турцыі ва ўгнаеннях пакрываецца Беларуссю.

Паводле слоў міністра, Беларусь і Турцыя маюць намер выйсці сёлета на гістарычны максімум ва ўзаемным гандлі: калі апошнія два гады супольны таваразварот перавышаў $1 млрд, то па дадзеных турэцкай статыстыкі за 10 месяцаў гэтага года таваразварот склаў ужо $1,6 млрд.

Филин абмеркаваў заяву міністра замежных спраў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам. 

— Ці можна сказаць, што новая сітуацыя, у тым ліку выкліканая вайной у Ізраілі, стварыла для рэжыму Лукашэнкі пэўныя вокны магчымасцяў? Напрыклад, мы бачым, што Турцыя пачала месцамі весці ўласную гульню больш адкрыта, без лішняга азірання на Захад.

— Я не выключаю, што так. І я не выключаю, што гэта працяг у такой трошкі вычварнай форме ранейшай палітыкі дыверсіфікацыі. Раней, калі былі магчымасці, афіцыйны Мінск вёў такую палітыку, ці прынамсі абазначаў палітыку дыверсіфікацыі, звязаную з Захадам.

Маўляў, Масква — не адно ў нас святло ў вакенцы. Тут у нас яшчэ і заходняе плячо ёсць. Цяпер заходняе плячо знікла. Але намацваюцца нейкія іншыя варыянты. Вось — Кітай, а вось — Турэччына.

Яна, дарэчы, і была важным партнёрам. На Бліжнім Усходзе ў сферы гандлю з Беларуссю ў параўнанні з іншымі краінамі гэта Манблан і пагоркі. Гэта і практычны варыянт — кудысьці штосьці прадаць, знайсці рынак або транзітны калідор.

Акрамя таго, я думаю, гэта і пасланне рускім братам: усё ж не ўсё ў нас з вамі звязана, у нас ёсць новы сябра. Гэтая заява мае і палітычнае сэнс, нават калі пад ёй асабліва нічога і няма. Магчыма, пад ёй і праўда мала чаго ёсць.

Бо наколькі я ведаю геаграфію, мне слаба ўяўляецца лагістыка такога транзіту. Не павязеш жа ты ўгнаенні самалётамі? І калі паглядзець па мапе, то ўсё адно давядзецца везці праз Расію.

— Можа тут гаворка найперш пра спробы лабіраваць праз Турцыю адмену забароны на экспарт калію?

— Але чые гэта санкцыі? Наколькі я ведаю, Турэччына санкцыі не ўводзіла. Яна не ўваходзіць у Еўразвяз. Здаецца, авіясанкцыі яна таксама не ўводзіла, самалёты туды лятаюць.

І мне здаецца, што голас Эрдагана ў Еўразвязе, пра што б там не было, а тым больш адносна санкцый у дачыненні да Беларусі, вельмі ціхі, ад яго мала што залежыць. У НАТА гэты голас больш гучны, але Альянс санкцыі не ўводзіў.

Гэта хутчэй дэманстрацыя Маскве, што ў нас ёсць варыянты, што вы найлепшыя нашыя сябры, але не толькі вы ёсць у нас. Але гэта і пэўная дэманстрацыя Захаду: у нас ёсць такі сябра, як Турэччына. Таму нават, калі за гэтым няма нечага практычнага і рэальнага, ёсць такі палітычны момант. І я тут паўтаруся, што паміж нашымі краінамі існуе рэальна вялікі таваразварот. Гэта не пустэча.

Памятаю, як адзін іранскі чыноўнік выказваў пажаданне дасягнуць мільярднага таваразвароту з Беларуссю. Але на той момант аб’ём гандлю з Іранам складаў каля $60 млн. у год. Пра які мільярд тут можна гаварыць? Гэта, груба кажучы, панты. А з Турцыяй не панты.

Акрамя таго, магчыма, спадар Алейнік гэта не прагаворваў, але ёсць пэўная лінія — абыход санкцый. З калійнымі ўгнаеннямі, магчыма, не вельмі атрымліваецца, але ёсць і больш кампактныя тавары, якія можна і самалётам везці.

Урэшце рэшт, ёсць і транзіт праз Расію. У тым сэнсе, калі хочацца нешта купляць, а гэта не прадаюць Беларусі з-за санкцый, то гэта беларусам можа прадаць Турцыя, якая не знаходзіцца пад санкцыямі.

Ці могуць быць на Турэччыну другасныя санкцыі? Могуць быць, а могуць і не быць. Гэта не тая краіна, у выпадку якой нехта надта размахнецца на другасныя санкцыі. Тут існуе баланс. Бо калі Турэччына вырашыць прадаваць Лукашэнку штосьці такое, што адназначна выкліча пытанні, то ёй могуць на гэта ўказаць. Але тут ёсць пэўныя шэрыя зоны.

Умоўна кажучы, калі сёння нешта такое захоча прадаць Арменія, пры тым становішчы, у якім яна апынулася, ёй могуць зрабіць заўвагу. А Турцыі могуць і не зрабіць, з улікам яе ролі ў рэгіёне і свеце.

І таму Турцыя ў гэты сэнсе вельмі зручны і ў эканамічным, і ў палыітычным сэнсе хаб для падобных камбінацый. І, у прыватнасці, для сённяшніх беларускіх уладаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(6)