Политика

Ціханоўская заклікала Літву падоўжыць беларусам тэрмін дзеяння візаў і відаў на жыхарства

Палітык выступіла перад Камітэтам па замежных справах літоўскага Сейма на тэму праблемаў беларусаў.

Фота прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Сёння з ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай у Сейме Літвы прайшлі слуханні, прысвечаныя прававому становішчу беларусаў у Літве. Пра гэта паведамляе прэс-служба палітыка.

У слуханнях удзельнічалі старшыня Камітэту Жыгіс Павільёніс і яго намеснікі, а таксама чальцы групы «За дэмакратычную Беларусь». З беларускага боку ўдзельнічалі дарадца па міжпарламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька і прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў – АГП і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Беларуская лідарка выступіла з прамовай перад Камітэтам і заклікала літоўскі бок устрымацца ад абмежаванняў супраць беларусаў:

– Я прашу вас падоўжыць тэрмін дзеяння візаў, відаў на жыхарства – і ўстрымацца ад непрапарцыйных абмежаванняў па прыкмеце беларускай нацыянальнасці. Не кладзіце нас у адзін кошык з расіянамі. Бо гэта менавіта тое, чаго хочуць дыктатары.

Сёння ў Літве жыве да 70 тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну пасля 2020 года. Яны працуюць, плацяць падаткі і інтэгруюцца ў літоўскае грамадства. Большасць з іх жадае вярнуцца дамоў.

Шмат якія прадпрыемствы пераехалі, таму што не хочуць плаціць падаткі Лукашэнку. Большасць з іх працуе з рынкамі ЕС і ЗША. Агулам яны прыносяць больш за 490 мільёнаў еўра за год. Гэта істотны ўклад у літоўскую эканоміку.

Таксама Ціханоўская выказала меркаванне, што ў 2024 годзе колькасць тых, хто прыязджае ў Літву, не будзе настолькі рэзкай.

Па выніках сустрэчы Камітэт пагадзіўся падтрымаць прапанову аб падаўжэнні відаў на жыхарства да трох гадоў, але рашэнне павінна прайсці праз Сейм.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(39)