Чарнуха: «У дзяржавы няма грошай, каб рабіць якасна, таму яна робіць манаполію»

Музычны крытык Аляксандр Чарнуха — пра сістэму каардынат «за плотам і калючым дротам». І на якія выклікі мусяць адказваць беларускія музыкі.

Аляксандр Чарнуха

Нядаўна новая топавая аўтарка беларускага шоу-бізнесу Ганна Сялук, яна ж Ганна Лукашэнка, за сваю «патрыятычную творчасць» атрымала спецпрэмію, што ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, і распавяла, што можа напісаць песню за 10 хвілін. Якасць тут наогул не важная, бо песні ўсё адно гучаць на ўсіх дзяржаўных мерапрыемствах, канцэртных пляцоўках і эфірах.

Музычны крытык, журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха распавёў, навошта беларускі рэжым праз нявестку Лукашэнкі і іншых цалкам лаяльных аўтараў і выканаўцаў захопліваюць музычна-забаўляльны сектар.

На яго думку, справа далёка не ў тым, каб паказытаць чыёсьці асобнае эга — рэч у тым, што так зручней кантраляваць і кіраваць працэсам і не дапусціць ніякай умоўна нелаяльнай творчасці да аўдыторыі.

—  Беларуская дзяржава ставіцца да культуры такім чынам, што проста хоча абнесці яе высокім плотам і абцягнуць калючым дротам, каб ніхто не пералез за гэты плот і не паглядзеў: а што там робіцца ў свеце, пра што там спяваюць? А калі ты пералез праз гэты плот, то ты ўжо здраднік, — зазначыў Чарнуха у шоу «Ноч з Чалым».

— І ў іх «культура» мусіць існаваць у гэтай сістэме каардынат, каб ніхто не здагадаўся, што ёсць нешта іншае за высокім плотам. У дзяржавы няма грошай, каб рабіць якасна, таму яна робіць манаполію.

Міністэрства культуры ў гэтай сістэме існуе выключна, каб нешта забараняць, дадае Аляксандр — таму і ўласны YouTube-канал ён назваў «Міністэрства сепультуры» (sepultura з партугальскай мовы — «магіла»).

Ці ёсць у сфармуляванах умовах нейкі спосаб прабіцца людзям таленавітым і думаючым, а не апяваючым рэжым?

— Такіх спосабаў не так шмат унутры краіны, бо там сапраўды ёсць манаполія і на канцэртную дзейнасць, і на дыстрыбуцыю кантэнту, — гаворыць крытык. — Мне падаецца, што ў гэтых умовах толькі ў вельмі глыбокім падполлі нешта можа адбывацца — і адбываецца.

Я дагэтуль адкрываю для сябе вельмі цікавыя беларускія гурты і дазнаюся пра тое, што з’яўляецца ў Беларусі.

Гэтыя гурты амаль не маюць магчымасці выступаць, не маюць магчымасці трапіць да свайго слухача, таму што гэта проста можа быць небяспечным для іх. І гэта проста творчасць на будучыню, нейкую невядомую нам усім будучыню, якая, магчыма, аднойчы здарыццца.

Акрамя таго, сваю разбуральную лепту ўносіць расійская «папса», якая пануе ў беларускіх эфірах і на канцэртных пляцоўках і ўмее працаваць з масавай свядомасцю — не выпадкова расейскія выканаўцы збіраюць «Мінск Арэну», а некаторыя і не аднойчы.

— Беларускі музыкант, па-першае, мусіць разумець сваю аўдыторыю: як з ёй працаваць, як трапіць у галаву і ў сэрца да свайго слухача, — мяркуе Аляксандр Чарнуха.

— А па-другое, калі ён у эміграцыі, — ён мусіць разумець, што канкуруе не толькі з беларускімі музыкантамі, але і з сусветнымі, і гэта зусім іншага гатунку канкурэнцыя. І яе трэба вытрымліваць, каб выйсці на нейкі новы якасны ўзровень, пашырыць сваю аўдыторыю і выйсці за межы толькі эмігранцкай тусоўкі, трапіць ужо да сусветнага слухача.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(16)