Общество
Eolonir

Благасфэра пра Яню Палякову

У ноч на 7 сакавіка ў сваёй кватэры ў Салігорску засілілася Яня Палякова, салігорская праваабронца, былы сябра ініцыятыўнае групы Вольгі Казулінай падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў. 3 сакавіка яна была асуджана на два з паловай гады абмежаваньня волі за нібыта паклёп на ўчастковага міліцыі Пугачова, які надоечы выйшаў на пэнсію. Апроч таго, суд пастанавіў спагнаць са сп. Паляковай 1 мільён рублёў кампэнсацыі маральнае шкоды.

Перасьлед чалавека нашай судовай сыстэмай — рэч не адзінкавая. Для кагосьці яна сталася нават нормай жыцьця, як сьведчыць дыскусія на суполцы by_politics. Адразу пасьля сьмерці Яні на блогах ды форумах знайшліся плакальнікі (чые нікі “дзіўным” зьбегам абставінаў былі зарэгістраваныя празь пяць хвілінаў пасьля зьяўленьня навіны), якія на неблагой (дарэчы!) беларускай мове пачалі разважаць на тэму “псыхічнае няўстойлівасьці” ды “дзіўнаватасьці” памерлай. А некаторыя даходзілі да таго, што аспрэчвалі ейную праваабрончую дзейнасьць ды ўжывалі ў дачыненьні да сп. Паляковай эпітэты, якія прыстойны чалавек нават да галавы ня пусьціць. Праўда, дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што такой навалы плявузганьняў, як пры абмеркаваньні працэсу спадара Дубскага, усё ж такі не было: сьмерць чалавека прыцішыла “штатных” камэнтатараў. Але проста факт таго, што зацкаванага чалавека палівалі брудам пасьля сьмерці, кажа шмат пра здароўе некаторых прадстаўнікоў нашага грамадзтва.

Другая тэма, тыдня — спрэчка між фотакорам “Нашае Нівы” Юліяй Дарашкевіч ды ўласна блогерскай супольнасьцю. Пачалося ўсё з таго, што ў адным з камэнтараў пад ейным постам пра справу Дубскага нехта з блогераў выказаўся ў рэчышчы, што было б няблага высьветліць, дзе знаходзяцца астатнія фігуранты “справы чатырнаццаці”. Сп. Дарашкевіч падтрымала камэнтатара (маўляў, выйшаў бы добры матэрыял) чым наклікала на сябе навалу абураных камэнтароў. Аргумэнты Юліі наконт выняткова журналісцкае цікаўнасьці да тэмы не знайшлі разуменьня, хаця я асабіста не ўбачыў нічога абразьлівага ў ейных камэнтарах. Лягічна: ва ўсім сьвеце прынята рабіць працяг любой гісторыі. Але ў нас нават у блогах некаторыя тэмы лічацца табу. Магчыма, празь вялікую колькасьць так званых “троляў”, якія засьмечваюць дыскусіі, ад чаго любая крытыка ўспрымаецца як правакацыя. Але ж блогі на тое й блогі, каб абмяркоўваць тэмы, якім няма месца на старонках дзяржаўнае прэсы. Асабліва ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)