Спорт
Сяргей Нятрэба

Вольскаму не дазволілі ратаваць баброў

Дата правядзеньня вялікага рок-фэсту пры падтрымцы беларускага бровару “Сябар” чарговы раз пераносіцца, ужо які раз зьмяняецца і склад удзельнікаў.

Чуткі пра вялікі канцэрт з удзелам гуртоў зь Беларусі і Расеі пачалі разыходзіцца яшчэ год таму. Казалі, што разам з нашымі “Крамай” і N.R.M. выступіць “Калинов мост”. Нарэшце, зь месяц таму былі абвешчаныя дата і месца правядзеньня фэсту — 15 кастрычніка ў Бабруйску, дзе плянаваўся выступ “Крамбамбулі”, “Нэйра Дзюбелю”, ZET, хэдлайнэрам мусіў быць ансамбль “Сябры”, а весьці імпрэзу — Лявон Вольскі. Але арганізатарам прыйшлося адмовіцца ад сваіх намераў з банальнай прычыны: “зьверху” ня мелі нічога супраць толькі наконт выступу “Сяброў”. З гэтае нагоды склад удзельнікаў зьмяніўся: былі запрошаныя маладыя каманды Indiga і IQ-48, нэўтральныя Svet Boogie Band і Madera Hard Blues, ляяльныя “Стоксы” і Аляксей Шэдзько. Але фэст у апошні момант перанесьлі на 22 кастрычніка. Зараз арганізатары ўважліва праслухоўваюць запісы ўдзельнікаў канцэрту, каб, барані Божа, не было ніякіх намекаў на палітыку. Нельга выключаць, што яны наогул адмовяцца ад рок-гуртоў. Акцыя мае на мэце зьвярнуць увагу на праблему, зьвязаную з бабрамі, якіх выключылі з “Чырвонай кнігі”. Адзін з арганізатараў фэсту Генадзь Шульман заявіў журналістам, што калі ўсё атрымаецца, фэст стане пэрыядычным. Асаблівасьцю акцыі “Рок — за баброў” станецца магутны гук: на сцэне ўсталююць апаратуру, якая выкарыстоўвалася на мен-скіх канцэртах Deep Purple і Udo.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)