Скандалы

У чым прычына сваркі дачкі экс-міністра: «У вёсцы ёсць возера, там платы паставілі»

У злітым аўдыя ад былых сілавікоў гаворка ішла пра «адпрацоўку» жыхара Дзяржынскага раёна Каліноўскага, «суседа дачкі міністра», сварка з якім і стала прычынай таго, што на самым высокім узроўні яго «папрасілі паставіць на месца». Як стала вядома Наша Ніве, гаворка ў аўдыя ішла пра дачку былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.

«Ну, тыпу перабітыя нумары. Падазрэнне. Нам каманда генерала, бл****, пад яго працаваць як паложана. У Копішава (прозвішча начальніка крымінальнай міліцыі УУС Мінаблвыканкама — заўв. «НН») гэта на кантролі. Ну, вось трэба было неяк машыну забраць, вось і забралі. Прыдумалі. […]

Гэта ў міністра на кантролі стаіць. Там ён, бл****, сусед адной з дачок міністра сельскай гаспадаркі, так скажам. Там у іх вайна між сабой. Сказалі па ім папрацаваць, вось і ўсё — працуем», — ідзе гаворка падчас размовы.

Як стала вядома «Нашай Ніве», гісторыя адбылася ў вёсцы Узрэчча Дзяржынскага раёну.

Фігуранты гісторыі — жыхар вёскі 55-гадовы Анатоль Каліноўскі і сям'я Лагуновічаў — Аляксандр і Наталля. Наталля Лагуновіч — у дзявоцтве Заяц, дачка былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Зараз яе тата — старшыня Магілёўскага аблвыканкама.

Леанід Заяц. Фота: golk.by

У чым жа прычына сваркі людзей, якія жывуць побач? Дэталі іх канфлікту нам расказалі суседзі Каліноўскага і Лагуновічаў.

«Сэнс у тым, што ў вёсцы ёсць возера, а там навокал платы паставілі — немагчыма да яго ўжо падысці, усё пазносілі, дзе раней людзі адпачывалі, рыбачыць ужо няма як.

Наталля, дачка былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Фота: сацыяльныя сеткі

Толік (Каліноўскі — Рэд.) пайшоў скардзіцца ў сельскі савет, маўляў, што ж гэта такое, чаму гэта ўсё забарыкадавалі, акупавалі, ні метра, ні паўметра не пакінулі, каб да вады прайсці.

Ну, вось з гэтага ўсё і пачалося, яго цяпер так ціснуць, што яму ўжо ні возера, нічога не хочацца», — расказалі «Нашай Ніве» жыхары вёскі.

Дом Каліноўскага ў правым ніжнім кутку, дом Лагуновічаў — леваруч, з шэрым дахам.

Сам Анатоль Каліноўскі пра гэтую гісторыю нічога не сказаў, сказаў толькі, што ў яго сапраўды арыштоўвалі машыну — вярнулі праз тры тыдні, а таксама што трое сутак правёў у ІЧУ.

Адметна, што і Каліноўскі, і Лагуновіч ездзіць на аднолькавых аўто — Volvo XC90.

Губернатарская дачка, Наталля Лагуновіч, пачуўшы пытанне «Нашай Нівы» пра сітуацыю, сказала, даслоўна: «Ой, усё, да пабачэння!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(38)