Спорт

«Мой прагноз — 3-4 медалі». Чаму беларускі спорт дэградуе

Мінулі першыя шэсць дзён Алімпіяды-2020 у Токіа, але беларуская медальная скарбонка ўсё яшчэ пустая. Нашы атлеты пакуль не заваявалі ніводнага медаля. Можна ўжо цяпер смела казаць, што гэта будзе найгоршая ў плане ўзнагарод Алімпіяда для Беларусі за ўсе часы незалежнасці, піша Наша Ніва.

Аб праблемах беларускага спорту «Наша Ніва» пагаварыла з выканаўчым дырэктарам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандрам Апейкіным.

– Калісьці вы сказалі, што на спорт у Беларусі можна забыцца, пакуль тут дыктатура. Спартыўныя дасягненні немагчымыя пры дыктатуры?

– У цэлым пры дыктатуры спорт можа развівацца, але трэба скарэктаваць, што спорт у Беларусі ўжо не можа развівацца пасля 9 жніўня 2020 года. Спартсмены — гэта найперш грамадзяне, якія робяць свой выбар, а ўжо потым усё астатняе.

Мінулы год вельмі моцна паўплываў на грамадзянскую пазіцыю людзей, а разам з ёй на іх прафесійныя ролі. Многія спартоўцы разумеюць, што яны граюць нейкія прапагандысцкія ролі, а не з’яўляюцца нацыянальнымі героямі, іх прымушаюць прадстаўляць уладу на міжнароднай арэне. Спартсмены, якія адмоўчваюцца, іх успрымаюць як памагатых рэжыму, як людзей, якія ігнаруюць народныя праблемы.

Спартсмены злавілі такі моцны гнятучы эмацыйны стан. Гэта поўны заняпад людзей спорту. Яны разумеюць, што адбываецца нешта не тое. Спорт стаў людзям нецікавы, вынікі сышлі кудысьці далёка на задні план. Усе глядзяць толькі на грамадзянскую пазіцыю спартсмена. Адбылася такая маральная турбулентнасць.

Калі гаварыць ужо непасрэдна пра саму сістэма спорту, то якой бы добрай ні была сама сістэма, але за яе адказваюць канкрэтныя кадры. І ў беларускім спорце па сутнасці ўжо няма кадраў. Па-першае, вымылі вялікую колькасць спецыялістаў, якія ці пакінулі Беларусь, ці проста сышлі са спорта. А па-другое, вялікай колькасці добрых спецыялістаў і так не было ніколі.

– Кадраў, можа быць, няма, бо спортам у нашай краіне доўгі час кіравалі палітрукі, а не прафесіяналы?

– У тым ліку. Вельмі шмат людзей у нашым спорце проста займаліся размеркаваннем інвестыцый, а не развіццём. Калі браць усе гульнявыя віды спорту, то крыху нешта паказвае толькі жаночы баскетбол.

Ва ўсіх астатніх відах поўны заняпад. Прычым заняпад яшчэ на ўзроўні селекцыі. Гэта недахоп кваліфікаваных тренераў, спецыялістаў па маркетынгу, журналістаў. Усіх тых людзей, якія ствараюць інтарэс да спорту. Сам па сабе спорт нецікавы.

Калі прыбраць маркетынг і гледачоў, то спорт мала цікавы. Паглядзіце хаця б на гэтую Алімпіяду, якая праходзіць пры пустых трыбунах. Любое спаборніцтва без гледачоў пераўтвараецца проста ў трэніроўку. Я езджу на Лігу чэмпіёнаў гандбольную, калі пустыя трыбуны, то ты нават матч не глядзіш. Успрыманне, што проста мужыкі бегаюць.

Няма гледача — няма спорту. Сыходзіць увесь азарт, драйв. Калі спабоніцтва правільна не запакаваць, то гэта пераўтвараецца ў інтарэс выключна для тых, хто знаходзіцца на полі ці пляцоўцы. Такую сітуацыю мы бачым у Беларусі, калі спорт цікавы толькі самім спартсменам і вузкім спецыялістам. Хаця фінансаванне вельмі добрае і дазваляе рабіць шыкоўныя рэчы.

 – Фінансаванне па-ранейшаму на высокім узроўні?

– Калі ўзяць веласпорт, то там гадавое фінансаванне 1,5-2 мільёны еўра. Гэта вельмі добрая сума, але хіба мы нешта ведаем пра беларускі веласпорт? Пра веласіпедны клуб «Мінск»? У іх фінансаванне на ўзроўні добрага грамадскаважнага праекта. І такіх прыкладаў шмат. Мы шмат дзе маем справу з ускосным бюджэтным фінансаваннем, калі грошы, якія не паступаюць у бюджэт, ідуць непасрэдна ў клубы.

Складваецца сістэма, калі функцыянеры займаюцца проста размеркаваннем сродкаў, засвойваюць бюджэт, развіваць нейкі маркетынг, зарабляць ніякага жадання ў іх няма. І размеркаваннем гэтых сродкаў займаюцца не самыя таленавітыя людзі, якія клічуць да сябе на працу таксама не самых таленавітых.

Не будзе развіцця, хаця інфраструктура ёсць, але людзей няма, кадраў. Плюс ідэалагічны складнік, калі кіраўнікі федэрацый, клубаў прызначаюцца выключна на падставе лаяльнасці. Гэта таксама адмоўная селекцыя.

– Але што тычыцца сродкаў, то мы маем сітуацыю, калі разваліўся рэчыцкі ФК «Спадарожнік». Іншыя клубы таксама маюць праблему з фінансамі.

– Гэта такая стандартная праблема: у кагосьці пуста, у кагосьці густа. Той жа «Спадарожнік» не ўваходзіў у той спіс клубаў, фінансаванне якога было б магчымае з падаткавых сродкаў.

Калі браць ФК «Мінск», «Дынама», гандбольны СКА, веласіпедны «Мінск», баскетбольных «Цмокаў», валейбольных «Мінчанку» і «Будаўнік», то гэта тыя клубы, якія атрымліваюць грошы часткова з падатку аб нерухомасці. Прыкладна палову падаткаў розныя забудоўшчыкі і дэвалаперы могуць аддаць нейкаму клубу.

Якраз за гэтыя грошы ідзе жорсткая барацьба. Адзіная ўмова, каб уласнікам клуба не менш чым на 50% быў Мінгарвыканкам. Трапіць у гэтае рашэнне практычна немагчыма. Там знаходзіцца абмежаваная колькасць клубаў, якая і піліць спонсараў налева і направа.

Каб «Спадарожнік» выжыў, трэба было 50-100 тысяч даляраў, а іх не знайшлося. Пры гэтым, я ўпэўнены, у футбольнага «Дынама» бюджэт 3-3,5 мільёны еўра. У «Мінска» таксама не менш за мільён еўра. Баскетбалісты, валейбалісты — усё ў іх нармальна. Палітыка такая, што трэба траціць шмат, каб у выніку заставаўся нуль, ці нават лепш мінус, каб пастаянна больш прасіць і тлумачыць, чаму трэба больш грошай. Хаця насамрэч можна траціць у тры разы меней.

Мы бачылі нядаўна добры прыклад салігорскага «Шахцёра» і люксембуржскай «Фолы» (беларусы саступілі 1:2). Гульцы «Шахцёра» агулам каштуюць каля 15 мільёнаў еўра, а ў «Фолы» — каля 1,2 мільёна. Гэта такі паўаматарскі клуб, але ж справа не ў грашах, а ў сістэме. Можна браць краіны, якія эканамічна не дужа адрозніваюцца ад Беларусі, — Славенія, Харватыя, Венгрыя. Яны не так далёка эканамічна адышлі ад нас, але спорт там развіваецца зусім інакш.

– За кошт чаго?

– Кваліфікаваныя кадры, яны моцна ўкладаюцца ў адукацыю трэнераў. На кожным узроўні — дзіцячы, юнацкі, дарослы — павінен працаваць моцны трэнер. Яны ствараюць умовы для спаборніцкага эфекту, там вялізныя селекцыі і наборы. Калі ідзе вялікі набор, то яны па-любому знаходзяць таленты.

Апрача ўсяго яны знаходзяцца ў адкрытай візавай прасторы, тыя ж чэхі, сербы і венгры могуць катацца ў Францыю, Германію, Швецыю і набірацца досведу. Беларусь у гэтым плане вельмі закрытая. Хіба што ў Падмаскоўе можна выехаць.

У нас трэнеры нематываваныя працаваць, мы ж помнім, што Наталля Качанава сказала пра заробак трэнера ў 200 даляраў. Добры пасіянарны трэнер, які гатовы раскрываць дзяцей, не будзе працаваць за такія грошы.

Прыватныя клубы ў такой атмасферы, як у Беларусі, наўрад ці будуць развівацца, ім патрэбна вялікая разняволенасць у меркаваннях, дзеяннях, камерцыі, а ў Беларусі гэта нерэальна. Які сэнс прыватніку ўкладвацца ў клубы? Тым больш, ён будзе не ў роўных умовах з дзяржаўнымі клубамі.

На сёння ў беларускім спорце мы маем два прыватныя клубы: БГК імя Мяшкова ў гандболе і «Крумкачы» ў футболе. Я больш нават не ўспомню.

– Звернемся да Алімпіяды. Чаму гэтым разам рэкордна мала беларускіх спартсменаў удзельнічае? Вінаваты каранавірус ці нейкія больш аб’ектыўныя прычыны?

– І каранавірус, і агульная сітуацыя ў краіне. Другое ж таксама сказваецца на спартсменах, хтосьці стаў паказваць вынікі ніжэй сваіх магчымасцяў, недаатрымалі ліцэнзіі. Плюс агульная палітыка скарачэння расходаў па лініі Мінспорту.

Таксама маральна-псіхалагічны груз, нават гэты ранні вылет з Алімпіяды Арыны Сабаленка, на мой погляд, у гэта ўпісваецца. На падсвядомасці ўсё гэта ёсць і моцна ўплывае на спартсменаў. Грамадскі ціск сказваецца сур’ёзна на любых спартсменах: і тых, хто за справядлівыя выбары, і тых, хто маўчаў, і тых, хто падтрымлівае ўладу.

– Які ваш прагноз па медалях для Беларусі?

– У лепшым разе можа быць 3-4 медалі. Дарэчы, мой прагноз, што зборная Беларусі па хакеі зойме на чэмпіянаце свету апошняе месца, збыўся. Я задоўга да пачатку чэмпіянату прагназаваў гэта і казаў, хоць бы дастойна згулялі з Вялікабрытаніяй, якой у выніку саступілі.

– І што будзе пасля? Разнос ад Лукашэнкі?

– Ды не, не будзе. Людзі набраныя па прынцыпе лаяльнасці, а не прафесіяналізму. Будзем казаць шчыра, з ліку лаяльных, якія цяпер у руля і Мінспорту, і НАКа — гэта самыя прафесіяналы.

Калі іх прыбраць, то браць ужо не будзе адкуль. Можна, канечне, прыбраць Кавальчука і паставіць на яго месца кагосьці новага вайскоўца. Але гэта ж нічога не дасць. Гэта будзе паказушная перастаноўка. Усім зразумела і так, што валіцца ўсё. Падзенне вынікаў у спорце — гэта першы званочак, што эканоміка і грамадскі стан у крытычным становішчы. Тыдзень ужо як пачалася Алімпіяда — і ніводнага медаля. Ужо трэба біць у званы.

– Міністр Кавальчук сапраўды перажывае за вынік ці гэта чыста ідэалагічны работнік?

– Выключна ідэалагічны кадр, як ён сам казаў — «выдатна б’ю з дзвюх ног», разбіраецца ў футболе. Вызначае, каму колькі грошай даць. Канечне, часам чыноўнік у працэсе можа ўцягнуцца, але гэта не той выпадак.

– Які ёсць выхад з сітуацыі?

– Патрэбная грамадская перазагрузка, нейкі нацыянальны кансэнсус, але ён магчымы ўжо толькі без Лукашэнкі. Тады будзе нейкае перафарматаванне, патрэба ў добрых спецыялістах з’явіцца. Цяпер гэта ўсё будзе ляцець уніз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)