Спорт
Сяргей Нятрэба

«Dali» прэтэндуе на «Эўрабачаньне»

Лідэр “Dali” Віктар Рудэнка заявіў, што група рыхтуецца ўзяць удзел у адборы на “Эўрабачаньне-2006” і ўсур’ёз разьлічвае на перамогу. “Лічу, што мы падрыхтаваныя да гэтага, да таго ж хочацца зрабіць беларускую мову мовай міжнароднага фармату вяшчаньня”, — кажа музыка.

Нягледзячы на сваю маладосьць (групе ўсяго пяць месяцаў), “Dali” сапраўды добра загартавалася за гэта лета: яны ўдзельнічалі ў “Басовішчы” і далі ля 40 (!) канцэртаў. Справа ў тым, што група акампануе Ірыне Дарафеевай. Сумесна зь ёй “Dali” праехаліся па шматлікіх беларускіх гарадах і мястэчках.
“Граць прыходзілася ня толькі ў ДК, але і на кузавах трэйлераў. Калі нашы гледачы біліся за ўраджай, то мы біліся за гук. Але мы ўдзячныя лёсу за такія выпрабаваньні”, — кажа Віктар. Хлопцам вельмі спадабаліся такія канцэрты. Па хуткім часе іх чакае чарговая экстрэмальная вандроўка. Гэтым разам не ў Быхаў ці Клічаў, а ў Ліван, дзе “Dali” сыграе некалькі канцэртаў. Ужо ёсьць дамоўленасьць на выступы ва Ўкраіне і Польшчы. Да ўсяго беларуская група сыграла ў Варшаве ў межах перадвыбарнай акцыі партыі “Грамадзянская плятформа”, зрабіла анімацыйны кліп на сваю новую песьню “Рыё-ды-Жанэйра” і апранулася ў кашулі зь беларускім арнамэнтам, зробленыя ў стыле Сальвадора Далі дызайнэрам Віталем Дзегцяровым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)