Беседка

Алег Гаруновіч: «Пра хакей мы больш ня пішам»

Галоўны рэдактар «Трыбуны» Алег Гаруновіч расказвае Радыё Свабода, чым цяпер рызыкуе рэдакцыя, чаму яму асабіста больш не цікавы спорт і што будзе з краінай далей.

«Журналісты такія ж грамадзяне, як і ўсе іншыя»

— У нас затрымлівалі ня толькі журналіста Аляксандра Івуліна, але і пазаштатнага супрацоўніка, і дырэктара Максіма Беразінскага, — расказвае Алег Гаруновіч пра тое, што адбывалася зь іх журналістамі. — Максіма — адразу пасьля выбараў, 9 жніўня. Выцягнулі з машыны проста, ён суткі быў пад арыштам. А можа і не пад арыштам, цяпер цяжка сказаць, як гэта было аформлена. Яго выпусьцілі потым.

Пазаштатніка Максіма Несьцяркова затрымалі, калі ён пайшоў Ніну Багінскую падтрымаць. У яе ператрус дома быў. Ужо сыходзіў адтуль, і забралі ў бусік. Яго тады ўжо другі раз забралі. А Івулін, па афіцыйнай вэрсіі, быў на Пушкінскай, ішоў у госьці да сяброўкі. Яму за гэта штраф далі.

Алег Гаруновіч расказвае, што калі затрымалі Максіма Беразінскага, інфармацыі пра падзеі ў краіне было мала. Тады яшчэ блякавалі інтэрнэт, і мала хто ведаў, што адбываецца на завулку Акрэсьціна і ў РУУСах Менску ды іншых гарадоў. Гаруновіч кажа, што сам званіў маці Беразінскага і быў уражаны, наколькі эмацыйна яна гэта ўспрымала. Рэальны маштаб рэпрэсій стаў зразумелы, толькі калі ў Беларусі зноў зьявіўся інтэрнэт.

— Усіх нашых супрацоўнікаў затрымлівалі не як журналістаў, а як звычайных грамадзян, — кажа Гаруновіч. — Непасрэдна на саміх пратэстах мы не працавалі. Мне здаецца, гэта нармальна. Журналісты такія ж грамадзяне, як і ўсе іншыя. У нас ёсьць і праца, і свае прыватныя справы. Здаецца, гэта былі першыя затрыманьні нашых супрацоўнікаў за ўвесь час працы. Адзін з нашых журналістаў раней быў ня тое каб футбольным фанатам, але з тых колаў. Яго забіралі па маладосьці, але гэта ня мела ніякага дачыненьня да палітыкі.

«Раней спартоўцы пазьбягалі размоваў пра палітыку»

Па словах Алега Гаруновіча, у рэдакцыі «Трыбуны» была размова з супрацоўнікамі наконт магчымага ўдзелу ў мірных пратэстах. Кіраўніцтва запэўніла журналістаў, што калі нехта некуды хоча пайсьці, то можа зрабіць гэта без усялякіх абмежаваньняў. Гэта адбылося пасьля першых чатырох пасьлявыбарных дзён, калі ў Менску пачалі зьяўляцца жаночыя ланцугі салідарнасьці з пацярпелымі ўдзельнікамі пратэстаў.

— Мы былі гатовыя падладжвацца пад гэта, — кажа Гаруновіч. — Тым больш на той час мы таксама былі заблякаваныя, не было вялікага сэнсу ў апэратыўнай працы. Нас увогуле блякавалі некалькі разоў. Спачатку, калі зьнік інтэрнэт увогуле, тады доступу не было ні да кога. Потым нас адблякавалі. Мы працавалі так тыдзень-другі. Затым сайт «Трыбуны» заблякавалі нанова, ён ужо зьявіўся ў сьпісе адпаведных рэсурсаў. Мы ўступілі ў перапіску з чыноўнікамі, хацелі зразумець, чаго ад нас хочуць. Але не змаглі атрымаць ніякага ўцямнага адказу.

Сайт «Трыбуны» заблякаваны дагэтуль. Чытаць яго зь Беларусі можна альбо празь «люстэрка», альбо праз VPN. Па словах галоўнага рэдактара, гэта магло быць выклікана рэакцыяй некаторых высокіх спартыўных чыноўнікаў на публікацыі, якія зьявіліся на «Трыбуне» яшчэ да выбараў.

— Мы са спартоўцамі размаўлялі ня толькі пра спорт, але і пра выбары, — кажа Алег Гаруновіч. — І, мне здаецца, мы шмат у чым спрыялі імкненьню спартоўцаў выказвацца аб падзеях у краіне. Калі раней яны пазьбягалі размоваў пра палітыку, неяк дыстанцыяваліся ад іх, то цяпер усё зьмянілася. У тым ліку і дзякуючы «Трыбуне». Спартоўцы пачалі гаварыць, выказвацца. А гэта балючы пункт для ўлады, для яе важная падтрымка і ляяльнасьць спартоўцаў. Улада была зьдзіўленая тым, наколькі вялікая частка спартоўцаў выступае супраць яе.

Гаруновіч кажа, што спартоўцы сталі групай, якая выказалася аб падзеях у жніўні найбольш актыўна, на адным узроўні з мэдыкамі. Пры гэтым галоўрэд «Трыбуны» прызнае, што існуе падзел па відах спорту. Напрыклад, хакеісты пераважна падтрымалі дзейную ўладу, а футбалісты збольшага прытрымліваюцца нэўтралітэту.

«Сайт «падае», але я на гэта ўжо не зьвяртаю ўвагі»

Па словах прадстаўнікоў рэдакцыі «Трыбуны», нават 2020 год зь яго блякаваньнямі і праблемамі ў супрацы зь дзяржструктурамі стаў для выданьня пасьпяховым у фінансавым пляне. «Трыбуна» — бізнэс-праект, і яе фінансаваньне наўпрост залежыць ад колькасьці рэклямных кантрактаў. У рэдакцыі добра разумеюць, чым для «Трыбуны» можа скончыцца грамадзянская актыўнасьць у Беларусі.

— Сузаснавальнікі «Трыбуны» вырашылі, што гэта той час, калі можна рызыкнуць уласным прыбыткам, — кажа Алег Гаруновіч. — Яны сьвядома, усё разумеючы, ня тое каб падштурхоўвалі нас да грамадзянскай тэматыкі, але і не забаранялі гэтага. Так, мы цяпер прыбытковыя. 2020 год, нават нягледзячы на блякаваньні, скончылі з плюсам. Але гэтыя абмежаваньні ў некаторай ступені запаволілі нашае разьвіцьцё. Магчыма, мы спадзяваліся, што ўсё скончыцца хутчэй. Але гатовыя працаваць і ў тых умовах, якія склаліся цяпер.

Журналіст «Трыбуны» Андрэй Маслоўскі

Па словах галоўнага рэдактара «Трыбуны», у Беларусі ёсьць выданьні, у тым ліку спартовыя, якія палічылі за лепшае адмаўчацца. Аднак яны ня могуць цяпер пахваліцца нейкімі перавагамі, там няма цікавай рэклямы і вялікіх прыбыткаў. Гаруновіч кажа, што калі той жа «Прэсбол» захаваў магчымасьць распаўсюджвацца праз афіцыйныя крыніцы, а яго сайт не заблякаваны, то аўтарытэт як спартовага выданьня ў яго страчаны.

— Цяпер мы стараемся рабіць сваю працу максымальна якасна, — кажа галоўны рэдактар «Трыбуны». — Ствараем шмат свайго кантэнту, распаўсюджваем яго паўсюль, дзе толькі можна. Колькасьць падпісчыкаў у сацсетках у нас пастаянна расьце. Сайт «падае», натуральна. Але я, шчыра кажучы, ужо не асабліва зьвяртаю на гэта ўвагу. Мяне цікавяць найперш прагляды на рэклямных пастах, гэта нашыя абавязкі. Усё іншае — менш. Калі там штосьці прасядае, то гэта наступствы нашага выбар».

«Часам бываюць падзеі, калі на офісе заставацца небясьпечна»

Гаруновіч кажа, што рашэньне аддаваць больш увагі грамадзка-палітычным тэмам у рэдакцыі ніхто ў штыкі не ўспрыняў. У калектыве ўсе аднадумцы, і ніхто не сказаў, што хоча пісаць выключна пра футбол ці хакей. З апошнім, дарэчы, магла б узьнікнуць праблема. Пра беларускі хакей «Трыбуна» больш ня піша прынцыпова.

— Спорт для «Трыбуны» адышоў на другі плян, — расказвае Гаруновіч. — Бывае не да спорту. Цяжка прымусіць сябе сачыць за чэмпіянатам Беларусі па футболе. Ад асьвятленьня чэмпіянату Беларусі па хакеі мы ўвогуле адмовіліся, пасьля таго як амаль увесь хакей падтрымаў Лукашэнку. Мы даём навіны, вынікі матчаў. Але гэта мінімум, які мы сабе дазваляем.

Час ад часу здараюцца нейкія падзеі, якія вымагаюць напружвацца. І складаецца ўражаньне, што на офісе можа быць небясьпечна. Тады дзень-другі можна не зьяўляцца ў офісе. Такое бывае, калі пачынаецца хваля новых вобшукаў. Як у «Вясны», напрыклад. Альбо калі затрыманьні ў «Прэс-клюбе» былі. Гэта не адбіваецца моцна на працэсе, цяпер працаваць можна як заўгодна.

«Праца сайта грунтуецца на асабістым інтарэсе супрацоўнікаў»

Адмова ад асьвятленьня падзей у беларускім хакеі прынесла страты ў рэкляме. Яшчэ год таму «Трыбуна» абвяшчала конкурс для журналістаў, якія маглі б пісаць для выданьня пра беларускі хакей. Цяпер гэты праект згарнулі. Гаруновіч кажа, што выданьню не патрэбныя грошы ад беларускага хакея, пакуль там адбываюцца такія падзеі.

Часткова такая ж сытуацыя і зь біятлёнам, які таксама амаль цалкам падтрымаў дзейную ўладу. Аднак біятлён ніколі ня быў для выданьня прыярытэтным. Цяпер «Трыбуна» больш піша пра Ганну Солу і Надзею Скардзіна, якія падтрымалі мірныя пратэсты.

— Асабіста мне цяжка зараз у аднолькавай ступені радавацца посьпехам Алімбекавай (Дзінара Алімбекава — біятляністка нацыянальнай зборнай, падпісала праўладны ліст спартоўцаў. — РС) і той жа Солы (Ганна Сола — адзіная ўдзельніца нацыянальнай жаночай зборнай па біятлёне, якая адмовілася падпісваць праўладны ліст. — РС), — прызнаецца Алег Гаруновіч. — Цяжка сказаць, што гэта заангажаванасьць. Таму што праца сайта грунтуецца ў тым ліку і на асабістым інтарэсе супрацоўнікаў.

Мне больш не цікава, так вось сталася. Але я не выключаю, што калі хтосьці з супрацоўнікаў патлумачыць, чаму ён хоча напісаць пра кагосьці з падпісантаў праўладнага ліста, прапануе цікавую тэму, то мы можам гэта апублікаваць.

Гаруновіч кажа, што ў «Трыбуне» разумеюць небясьпеку сваёй пазыцыі. Гатовыя і да ціску, і да ператрусаў. Рэпрэсіі супраць журналістаў беларускіх недзяржаўных СМІ галоўны рэдактар «Трыбуны» называе імітацыяй бурнай дзейнасьці.

Улады, кажа ён, чамусьці лічаць, што незадаволенасьць грамадзтва іх палітыкай — гэта вынік працы журналістаў. Дзяржаўная прапаганда, як кажа Алег Гаруновіч, цалкам страціла давер і аўтарытэт. Ціск на недзяржаўныя СМІ, у сваю чаргу, заўсёды добра чуваць, гэтаму аддаецца шмат увагі, і такі розгалас можа дадаткова ўзьдзейнічаць на грамадзтва, запалохваючы яго.

«Івулін кажа, што ня ведае, як цяпер можна расказваць пра футбол»

— Мне больш не цікавы выключна спорт, — прызнаецца Алег Гаруновіч. — Толькі пра футбол, толькі пра хакей і толькі пра біятлён мне цяпер нецікава гаварыць. Цяпер цікава глядзець на спорт у кантэксьце тых падзей, якія адбываюцца ў краіне. Мне так цікава. І мне падаецца, што нашым аўтарам так цікава. Івулін, наш блогер, якога ведаюць па ютуб-канале „ЧестнОК“, сам прыходзіць і кажа, што ня ведае, як цяпер можна здымаць пра футбол. Як можна хадзіць туды і расказваць выключна пра матчы, і рабіць выгляд, што гэта важна. Цяпер важна, каб беларускае грамадзтва выбралася з таго крызісу, у якім яно апынулася. І каб сытуацыя вырашылася на карысьць большасьці, а ня той меншасьці, якая цяпер падтрымлівае ўладу.

Аляксандар Івулін

У рэдакцыі «Трыбуны» перакананыя, што перамены пойдуць на карысьць ня толькі ўсёй Беларусі, але і іх выданьню. Гаруновіч кажа, што горшыя, чым цяпер, умовы для працы і разьвіцьця цяжка прыдумаць. Адпаведна, любыя перамены, акрамя ўвядзеньня масавых расстрэлаў і «судоў-троек», пойдуць толькі на карысьць.

— Я цяпер ня бачу ніякіх пэрспэктываў для разьвіцьця краіны і разьвіцьця мэдыя-бізнэсу, — кажа Алег Гаруновіч. — Я ўпэўнены, што многія кампаніі цяпер паводзяць сябе ў такім рэчышчы, што ня хочуць траціць грошы і чакаюць, пакуль усё скончыцца. Я ўпэўнены, што калі зьменіцца ўлада — гэта будзе вялікі імпульс для ўсёй беларускай эканомікі. Усе, хто здолее гэтым скарыстацца, атрымаюць для сябе вялікую карысьць. Не з карупцыйнага пункту гледжаньня, зразумела, а з пункту гледжаньня прымяненьня ўласных уменьняў і талентаў.

«Людзям трэба запасьціся трываласьцю і рухацца наперад»

Алег Гаруновіч кажа, што дагэтуль ня мае маштабнага адказу на пытаньне, чаму летам і восеньню 2020 году ў Беларусі адбылося тое, што адбылося. Галоўрэд «Трыбуны» прызнаецца, што гэтыя падзеі для яго таксама сталі нечаканасьцю. Прычынай цяпер яму бачыцца зьбег абставінаў — няўдалыя крокі ўладаў у барацьбе з каранавірусам, рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі і гвалт з боку сілавікоў падчас пасьлявыбарных пратэстаў.

— Кумір абрынуўся, — кажа Алег Гаруновіч. — Я цяпер бачу шмат людзей, якія раней галасавалі за Лукашэнку, а цяпер ня могуць самі зразумець, як гэта было магчыма. Яны сталі яго вострымі крытыкамі, удзельнічаюць у маршах. І гэта ня толькі сярод спартоўцаў. Людзі пабачылі, што такое беларускія выбары, што такое выбарчая кампанія. Яны пабачылі ўсё тое, што ім паказаў гэты вусаты мача. Ён думаў, што людзі хочуць убачыць такога брутальнага дзядзьку, які будзе ўсіх пакалочваць. А аказалася, што ў такім чалавеку няма зараз патрэбы.

Галоўрэд «Трыбуны» кажа, што людзі ў Беларусі цяпер могуць прайграць толькі тады, калі самі прызнаюць сваё паражэньне. Гаруновіч прызнае, што людзі цяпер могуць баяцца, заставацца дома, але любыя перамены будуць патрабаваць галасаваньня, выбараў і гэтак далей.

— Калі людзі будуць цьвёрдымі, а мне здаецца, што яны будуць цьвёрдымі, то Лукашэнку будзе цяжка вярнуць сабе легітымнасьць, — кажа Гаруновіч. — Лукашэнка — палітычны труп. Ён разлагаецца і робіць гэта на вачах ва ўсёй краіны. Мне цяжка сказаць, што будзе. Але магу сказаць, што людзям трэба падрыхтавацца да пакутаў, да самаахвярнасьці. Запасьціся трываласьцю і рухацца наперад.

Даведка

Алег Гаруновіч нарадзіўся ў Маладэчне, скончыў журфак БДУ ў 2006 годзе. Працаваў у «Народнай газэце», пасьля перайшоў на спартыўны сайт Goals.by (папярэднік «Трыбуны»). З 2010 году галоўны рэдактар «Трыбуны». Жанаты, бацька траіх дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(44)